Ваенна-спартыўная гульня "Зарніца" збярэ 27-28 мая школьнікаў Віцебскай вобласці
24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. X Ваенна-спартыўная гульня "Зарніца" збярэ 27-28 мая школьнікаў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Турнір будзе праводзіцца на базе віцебскага клуба А.К.Гараўца. За званне наймацнейшых будуць змагацца 27 каманд - прадстаўнікі ўсіх гарадоў і раёнаў вобласці. Усяго чакаецца звыш 200 чалавек. За два дні ўдзельнікі пераадолеюць паласу перашкод, прадэманструюць майстэрства строявой падрыхтоўкі, аформiць баявы лісток "Зарнічныя будні", выступяць з невялікай канцэртнай праграмай, прысвечанай подзвігу савецкіх салдат у Вялікай Айчыннай вайне. У інтэлектуальным конкурсе школьнікам трэба будзе праявіць веданне дзяржаўных святаў, памятных дат і асноўных падзей гісторыі Беларусі. Асобны залік члены каманд здадуць па медыка-санітарнай падрыхтоўцы. Іх чакаюць як тэарэтычныя пытанні, так і практычныя заданні.
Пераможцы гульні будуць вызначацца ў асобных відах спаборніцтваў і конкурсаў, а таксама ў агульнакамандным заліку. Іх узнагародай стануць ганаровыя дыпломы і прызы.
Мерапрыемства накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладзе подзвігу свайго народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама заклікана фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і маральна-волевыя якасці школьнікаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць абласны камітэт БРСМ, абласны савет ДТСААФ, упраўленне адукацыі, аддзел па справах моладзі і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.-0-