Ваеннаслужачыя аказваюць дапамогу ва ўборцы ўраджаю ў асобных рэгіёнах Віцебскай вобласці

Згодна з загадам міністра абароны Беларусі 45 вайскоўцаў аказваюць бязвыплатную дапамогу ў уборцы ўраджаю сельгаспрадпрыемствам Сенненшчыны.

Зводны ўзвод складаецца з прадстаўнікоў 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Барысаве, воінскіх частак Полацка, Слуцка і Жодзіна. Падраздзяленне падзелена на дзве групы, якія базіруюцца ў пасёлку Белянева і непасрэдна ў Сянне ў райаграсэрвісе.

Як распавёў камандзір зводнага ўзвода гвардыі маёр Раман Сугака, вайсковы дэсант прыбыў у рэгіён 27 ліпеня, па першапачатковых планах камандзіроўка працягнецца да 1 верасня. У армейцаў гэта лічыцца палявым выхадам, таму грошай за сваю працу яны не атрымліваюць. Забеспячэнне харчаваннем і палівам узялі на сябе гаспадаркі. Пад'ём у вайскоўцаў па раскладзе – у 6.00. Пры добрай надвор'і працоўны дзень максімальна падаўжаецца, кіроўцы вяртаюцца познім вечарам. Армейскія аўтамабілі перавозяць збожжа, рапс, салому.

Для ефрэйтара ​кантрактнай службы адной з воінскіх частак Полацка Андрэя Гладыша (на фота) гэта другая ўборачная. Летась ён дапамагаў земляробам Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ураджэнца Ушач прызвалі ў армію ў 26 гадоў, да таго часу ён скончыў педагагічны каледж у Полацку і завочна адвучыўся ў сталічным універсітэце, меў усе вадзіцельскія катэгорыі. Пасля тэрміновай пайшоў на ​кантрактную службу і ўжо чацвёрты год пры неабходнасці кіруе МАЗам, КАМАЗам з прычэпам, аўтобусам.

Па словах старшыні Сенненскага райвыканкама Васіля Чарадніка, дзякуючы дапамозе Мінабароны сельгаспрадпрыемствы рэгіёна не маюць праблем з адвозкай збожжа. Вайскоўцы прабудуць у камандзіроўцы да канца ўборачнай, яны забяспечаны трохразовым харчаваннем, пражываюць у належных бытавых умовах.

Дарэчы, акрамя Сенненшчыны сёлета ваеннае ведамства дапамагае аграрыям Мінскага і Мсціслаўскага раёнаў. Усяго задзейнічана 70 адзінак тэхнікі і 114 вайскоўцаў.

Паводле інфармацыі аблсельгаспрода, на ўчарашні дзень убрана 163,6 тыс. га збожжавых і зерневых бабовых культур (49,7%), намалочана 441,4 тыс. т пры ўраджайнасці 27 ц/га. У кошт дзяржзаказу здадзена 48,7 тыс. т, або 47,8% ад плана.