Вайсковыя могілкі на Успенскай горцы ў Віцебску рэканструяваны пад эгідай прафсаюзаў
У Віцебску на Успенскай горцы завершана рэканструкцыя воінскіх могілак, якая праводзілася па ініцыятыве і за сродкі прафсаюзаў, паведаміў старшыня Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель.
"У год 70-годдзя Вялікай Перамогі па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў кожнай вобласці былі вызначаны знакавыя аб'екты, над якімі рэгіянальныя падраздзяленні ўзялі шэфства. Прэзідыум Віцебскага абласнога аб'яднання выбраў мемарыял па вуліцы Савецкай на Успенскай горцы і арганізаваў збор сродкаў галіновымі прафсаюзамі і радавымі членамі. Усяго было сабрана Br750 млн, з іх Br250 млн выдзеліла федэрацыя", - адзначыў Іван Вазьміцель.
Балансаўладальнікам аб'екта з'яўляецца гарадское ЖКГ, яно ж стала заказчыкам і выканаўцам. Па ініцыятыве прафсаюзнага аб'яднання прадпрыемства адкрыла дабрачынны рахунак, на які была пералічана сабраная сума. Работы вяліся ў дзве чаргі. Да 9 Мая гэтага года праведзена добраўпарадкаванне, абноўлены надмагіллі з імёнамі, рэканструяваны металаканструкцыі агароджаў. Паколькі воінскія могілкі з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, то другая чарга патрабавала атрымання дазволаў, пасля чаго на мемарыяле былі ўстаноўлены дзве новыя скульптуры савецкіх салдат. Гэта дакладныя копіі ранейшых бетонных фігур, але цяпер выкананыя з палімербетону. Пастаменты абліцаваны чырвоным гранітам, як і агароджы пахавання.
"Такім чынам мы аддалі даніну памяці героям, якія загінулі за вызваленне нашай краіны, і перадалі гэту памяць малодшым пакаленням", - падкрэсліў Іван Вазьміцель. Гэты мемарыяльны комплекс лічыцца адным з самых пазнавальных у Віцебску і адносіцца да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. На Успенскай горцы пахаваны савецкія воіны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Сярод іх Героі Савецкага Саюза Іван Сівакоў, Іван Янушкоўскі і легендарны Мінай Шмыроў - адзін з арганізатараў партызанскага руху, камандзір партызанскага атрада і 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Усяго на Успенскай горцы знаходзяцца 11 адзіночных магіл і адна брацкая.
Толькі скончыўшы збор сродкаў на віцебскі аб'ект, абласное аб'яднанне прафсаюзаў аб'явіла аб сваім удзеле ў рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Прарыў" ва Ушацкім раёне. На дабрачынны рахунак ужо пералічана каля Br150 млн. добраахвотных ахвяраванняў членаў прафсаюзаў. Фінансавая дапамога ў памеры Br10 млн. аказана сёлета і на добраўпарадкаванне воінскага мемарыяла ў пасёлку Копці Віцебскага раёна.
"Паміж намі, абласной ветэранскай арганізацыяй і БРСМ заключана трохбаковае пагадненне аб сумеснай падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны замацаваны за кожным галіновым прафсаюзам. У бягучым годзе 1889 ветэранаў ВАВ атрымалі матэрыяльную дапамогу з прафсаюзнага бюджэту на суму звыш Br1 млрд. І, вядома, мы клапоцімся аб сваіх ветэранах вытворчасці: запрашаем на святочныя мерапрыемствы, аказваем садзейнічанне ва ўмацаванні здароўя, вядзенні гаспадаркі, рамонце жылля, калі патрабуецца", - рэзюмаваў Іван Вазьміцель.
Кацярына Князева, БЕЛТА.