Валейбольны турнір у Віцебску можа атрымаць падтрымку з бюджэту Саюзнай дзяржавы - С.Шухно

25 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы прыкладзе намаганні для таго, каб міжнародны турнір па валейболе ў Віцебску атрымаў пастаянную падтрымку з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно, які прыняў сёння ўдзел у цырымоніі адкрыцця XIV Міжнароднага турніру на Кубак Саюзнай дзяржавы і прызы РВУП "Віцязь" у абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Трэці год запар спаборніцтвы праходзяць пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, і за гэты час турнір набраў моц, пра што сведчыць цяперашні склад яго ўдзельнікаў: у Віцебску сабраліся наймацнейшыя беларускія і расійскія клубы. Спаборніцтвы арганізуюцца ў зручны час, калі камандам неабходная гульнявая практыка. Таму Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы будзе падтрымліваць турнір у Віцебску, садзейнічаць яго развіццю, правядзенню ў больш шырокім фармаце і на больш высокім узроўні, запэўніў Сяргей Шухно. У якасці прыкладу вынікаў такога садзейнічання ён прывёў традыцыйную спартакіяду Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, якая сёлета пройдзе ў Пскове і Гродне з удзелам больш як 1 тыс. юнакоў і дзяўчат па 14 відах спорту. "Спартакіяда праводзіцца з 2003 года, і за гэты час яе фінансаванне павялічылася ў сем разоў", - адзначыў Сяргей Шухно. Сёлета галоўны прыз валейбольнага турніру разыграюць восем каманд. У Віцебск сабраліся чэмпіён суперлігі Расіі 2009 года, пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў-2008 "Зеніт" (Казань), пераможца Кубка ЕКВ 2009 года, сяміразовы чэмпіён Расіі і двухразовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў "Лакаматыў - Белагор'е" (Белгород), неаднаразовы прызёр расійскіх і еўрапейскіх спаборніцтваў "Іскра" (Адзінцова), а таксама "Лакаматыў-Ізумруд" (Екацярынбург) і "ГУУБ-Дынама" (Краснадар). Беларусь на турніры прадстаўляюць двухразовы чэмпіён краіны і ўладальнік Кубка Беларусі 2008 і 2009 гадоў "ГВК-Металург" са Жлобіна, "Будаўнік" (Мінск) і віцебскі клуб "Марка", неаднаразовы пераможца нацыянальных чэмпіянатаў і Кубка Беларусі. На першым этапе валейбалісты вызначаць наймацнейшых у дзвюх падгрупах, а затым па выніках вочных паядынкаў стануць вядомыя пераможца і прызёры спаборніцтваў. Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы заснаваў прызавы фонд у памеры 250 тыс. расійскіх рублёў. Акрамя галоўнага прыза ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы лепшыя каманды, трэнеры і спартсмены ўвязуць з Віцебска каштоўныя прызы ад РВУП "Віцязь". Завершыцца турнір 30 жніўня. Яго арганізатарамі выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, аблвыканкам, гарвыканкам і РВУП "Віцязь".-0-