Валанцёрская акцыя "Добры снежань" стартавала ў Браслаўскім раёне
1 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Валанцёрская акцыя "Добры снежань" стартавала ў Браслаўскім раёне ў першы дзень зімы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
На працягу ўсяго месяца актывісты БРСМ будуць займацца зборам сродкаў, цацак, спартыўнага інвентару, падарункаў і сувеніраў. У калядныя дні ўсе сабраныя рэчы будуць раздадзены малазабяспечаным сем'ям і сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, малышам у прытулках, школах-інтэрнатах і дзіцячых дамах. Не будуць забыты ў гэтыя дні ветэраны і пажылыя людзі Браслаўшчыны. Прыемным сюрпрызам для іх стануць самаробныя сувеніры і паштоўкі з навагоднімі пажаданнямі.
У ходзе правядзення акцыі арганізатары спадзяюцца прыцягнуць да ўдзелу ў ёй і іншых жыхароў горада і раёна.
Аналагічныя акцыі адбудуцца ва ўсіх іншых рэгіёнах вобласці, адзначылі ў абласным камітэце арганізацыі. Акрамя таго, актывісты БРСМ плануюць правесці віншаванні дзяцей, вымушаных сустракаць Новы Год у бальніцах, арганізаваць тэатралізаваныя прадстаўленні для выхаванцаў сацыяльных прытулкаў і дзяцей-інвалідаў.-0-