Валанцёрскі цэнтр бяспекі тарфяных балот будзе створаны ў Лёзненскім раёне
У аграгарадку Кавалі Лёзненскага раёна неўзабаве з'явіцца валанцёрскі цэнтр бяспекі – для абароны і захавання жывёльнага і расліннага свету тарфяных балот.
У гэтым месяцы плануецца закупіць пажарна-выратавальнае абсталяванне і рыштунак больш чым на 150 млн руб. А ў другім квартале бягучага года будзе ўладкавана інфармацыйна-гульнявая пляцоўка па навучанні насельніцтва асновам бяспечнай жыццядзейнасці, папярэджанні пажараў у экасістэмах. Для правядзення заняткаў фарміруецца спецыяльная ініцыятыўная група.
Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе ў рэспубліканскім конкурсе мясцовых ініцыятыў, праведзеным у 2015 годзе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект пад эгідай Міністэрства эканомікі рэалізуецца па Праграме развіцця ААН, а фінансуецца Еўрасаюзам. Заяўку на атрыманне гранта распрацавалі ў Лёзненскім РАСН, заяўнікам выступіла абласная аргаструктура Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. Стварэнню валанцёрскага цэнтра бяспекі будзе спрыяць
партнёрства райвыканкама, Веляшкавіцкага сельвыканкама, раённай арганізацыі БРСМ і ААТ «Данукалава-Агра». Як паведаміў начальнік РАНС Віталь Чайкін, усяго на гэтыя мэты прадугледжана 18 тыс. долараў.
Галіна Шпакоўская, «Віцебскія весці».