Валанцёры Чырвонага Крыжа Віцебскай вобласці аказалі больш за 11 тыс. паслуг падчас пандэміі
Падчас пандэміі клопат пра пажылых грамадзян стаў прыярытэтам для работнікаў і валанцёраў Чырвонага Крыжа. "Людзі залатога ўзросту апынуліся ў зоне павышанай рызыкі з пачатку з'яўлення COVID-19. Для захавання здароўя ім было рэкамендавана лішні раз не выходзіць з дому. У такой вымушанай самаізаляцыі ім дапамагалі нашы валанцёры: дастаўлялі прадукты, прадметы першай неабходнасці, сродкі індывідуальнай абароны (СІЗ), медыкаменты. Усяго за час аказання дадзенага віду дапамогі ў 2020 годзе было выканана 11 280 паслуг", - адзначыла Галіна Жаланава.
У 2020 годзе ў абласную арганізацыю прыйшлі 365 новых валанцёраў. Іх навучылі тонкасцям працы медыка-сацыяльнай службы і аказання паслуг грамадзянам пажылога ўзросту. "Больш за 3,7 тыс. валанцёраў з'яўляюцца нашымі пастаяннымі памочнікамі. З іх 44% - людзі сярэдняга і пажылога ўзросту. Яны таксама апынуліся ў зоне рызыкі з-за пандэміі, але, нягледзячы на гэта, не засталіся ўбаку ад добраахвотнай дапамогі тым, хто мае патрэбу. Нашы памочнікі пажылога ўзросту былі задзейнічаны ў аказанні дыстанцыйных паслуг. Гэта псіхасацыяльная падтрымка па тэлефоне, пашыў СІЗ, інфармацыйная дапамога і кансультаванне. Мы застрахавалі валанцёраў, і, як паказаў час, гэта было апраўдана і запатрабавана", - распавяла кіраўніца абласной арганізацыі БТЧК. Яна дадала, што псіхасацыяльнай падтрымкай па тэлефоне скарысталіся больш за 1,7 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці.
Валанцёры Чырвонага Крыжа таксама актыўна дапамагалі медыкам ва ўстановах аховы здароўя і работнікам тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці. У 2020 годзе закупілі і перадалі ў гэтыя ўстановы СІЗ амаль на Br187 тыс.
Сёння валанцёры Чырвонага Крыжа працуюць у складзе 150 добраахвотных груп. Акрамя аказання паслуг пажылым ва ўмовах пандэміі, яны ўдзельнічаюць у рэагаванні на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі. Каманда хуткага рэагавання абласной арганізацыі БТЧК уключае 37 добраахвотнікаў. Яны навучаны аказанню першай дапамогі, сартаванні і транспарціроўцы пацярпелых, пошуку і выратаванні зніклых пры розных абставінах, працы з ратавальным і тэхнічным абсталяваннем. Сфармаваныя добраахвотныя атрады хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі існуюць у Віцебску і Браславе.
БелТА.