Пытанне забяспечанасці дашкольнай адукацыяй носіць актуальны характар - меркаванне спецыяліста
8 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пытанне забяспечанасці дашкольнай адукацыяй носіць актуальны характар. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок, каментуючы Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
"Праблема дэфіцыту месцаў у дашкольных дзіцячых установах, закранутая сёння кіраўніком дзяржавы ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, сапраўды носіць актуальны характар: у Віцебскай вобласці па гэтым пытанні паступае дастаткова шмат зваротаў, асабліва ад маладых сем'яў, людзей, якія пражываюць у мікрараёнах абласнога цэнтра, што будуюцца, Оршы і Полацка", - падкрэсліў Іван Шчурок. Ён адзначыў, што ў сельскай мясцовасці рэгіёну гэтае пытанне вырашана.
З мэтай павышэння даступнасці дашкольнай адукацыі ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе плануецца ўвесці ў строй два дзіцячыя сады. Новыя дашкольныя ўстановы, якія ўзводзяцца за кошт бюджэтных сродкаў, адкрыюцца ў Полацку і мікрараёне Білева Віцебска. Планы па развіцці дашкольнай адукацыі на бягучы год уключаюць закладку яшчэ аднаго дзіцячага саду ў мікрараёне Білева і працяг будаўніцтва пачатковай школы - дзіцячага саду на 400 месцаў у Наваполацку, здача якога намечана на 2013 год.
Акрамя таго, у абласным цэнтры за кошт спонсарскіх сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый, суб'ектаў гаспадарання малога і сярэдняга бізнесу будуецца дзіцячы сад у мікрараёне Медцэнтр, які таксама плануецца ўвесці ў бягучым годзе.
Іван Шчурок акцэнтаваў увагу на неабходнасці павышэння якасці адукацыі ў сярэдняй школе. "Гэтае пытанне таксама было ўзнята ў Пасланні. У нас назапашана дастаткова добрая база, ёсць кваліфікаваныя кадры, а вось якасць адукацыі трэба падцягваць", - сказаў начальнік упраўлення адукацыі.-0-