Пытанне аб'яднання Полацка і Наваполацка на дадзены момант не ставіцца - А.Косінец

16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пытанне аб'яднання Полацка і Наваполацка ў цяперашні час не ставіцца. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Паводле яго слоў, ніякага заканадаўчага акта па аб'яднанні двух гарадоў абласнога падпарадкавання не рыхтуецца, і ніякіх апытанняў грамадскай думкі на гэту тэму не праводзілася. Разам з тым у гэтых гарадах павінна стварацца адзіная сістэма аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, спорту, якая была б у роўнай ступені даступная жыхарам Полацка і Наваполацка. Гэта дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, падкрэсліў губернатар. "Дэ-факта гэтыя гарады даўно існуюць як адзін горад: палачане ездзяць у Наваполацк на працу і наадварот. Неўзабаве гарады аб'яднае яшчэ адзін мост, а даехаць з Полацка ў Наваполацк можна будзе на трамваі. Час расставіць усё на свае месцы", - сказаў Аляксандр Косінец. Полацк з'яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Полацкага раёна. Найстаражытнейшы горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў Кіеўскай Русі - першае летапіснае ўпамінанне аб Полацку адносіцца да 862 года. Насельніцтва на 1 студзеня 2010 года складала 82,8 тыс. чалавек. Наваполацк размешчаны на левым беразе Заходняй Дзвіны, за 6 км на захад ад Полацка. Насельніцтва - 98,2 тыс. чалавек. Пачаткам гісторыі горада стала прыняцце ў сакавіку 1958 года ўрадам СССР рашэння аб арганізацыі Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі па ўзвядзенні на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна найбуйнейшага ў Еўропе нафтаперапрацоўчага завода - цяпер ААТ «Нафтан».-0-