Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі знята з парадку дня - А.Тозік

4 мая, Мінскі раён /Алена Прус - БЕЛТА/. Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі знята з парадку дня. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пытанне павышэння ўзросту выхаду на пенсію - і такая пазіцыя кіраўніка дзяржавы - у практычнай плоскасці не стаіць і не абмяркоўваецца", - сказаў віцэ-прэм'ер. Ён нагадаў, што ўказам прадастаўлена магчымасць грамадзянам добраахвотна адкласці выхад на пенсію пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Пры гэтым выбар застаецца за чалавекам: працягнуць працу без атрымання пенсіі, каб павялічыць памер сваёй пенсіі ў будучыні, або ж не карыстацца гэтай магчымасцю. Анатоль Тозік падкрэсліў, што пенсіі ў Беларусі выплачваюцца своечасова, у поўным аб'ёме, рэгулярна павышаюцца. Так, у бягучым годзе ў адпаведнасці з указам прадугледжана чатыры пераразлікі працоўных пенсій у сувязі з ростам заработнай платы. Павышэнне памеру пенсійных выплат адбылося з лютага і мая гэтага года, чакаецца пераразлік з жніўня і лістапада. -0-