Праблему захавання помнікаў архітэктуры ўзнялі мясцовыя жыхары на прыёме грамадзян Андрэйчанка ў Глыбокім
– Дзякуй усім, хто адгукнуўся на просьбу аб перадачы прыходу касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім былога будынка суда раёна, – адзначыў ксёндз Мікалай Ціхановіч. – Але на прыём я прыйшоў не толькі, каб выказаць словы падзякі, але і абмеркаваць яшчэ адно важнае пытанне. Старадаўні касцёл з'яўляецца помнікам архітэктуры, па праву яго можна назваць візітнай карткай раёна. Апошні раз дах мянялі паўстагоддзя таму. Цяпер паўстала пытанне аб яго рамонце, хаця б касметычным.
Неабходна рэстаўрацыя і старадаўняй Ільінскай капліцы на гарадскіх могілках. Прыхаджане збіраюць грошы на правядзенне рамонтных работ, але гэтых сродкаў недастаткова. Трэба правесці абследаванне будынкаў, падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю. Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што рашэнне гэтага пытання павінна праводзіцца ў адпаведнасці з заканадаўчай базай і паабяцаў дапамагчы.
Старшыня райвыканкама Алег Мархат, які прысутнічаў на прыёме, запэўніў дэпутата, што жыхары раёна не застануцца ўбаку. У мінулым годзе на будаўніцтва праваслаўнага храма ў імя Архістратыга Божага Міхаіла работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прыхаджане ахвяравалі 32 тысячы рублёў. Алег Віктаравіч упэўнены, што на рамонт святынь людзі пагодзяцца ахвяраваць сродкі незалежна ад веравызнання.
Падобнае пытанне хвалюе і праваслаўных святароў, асабліва тых, хто мае прыходы на вёсцы. Сёлета ўраганны вецер пашкодзіў дах драўлянага храма ў вёсцы Верхняе. Прыхаджане царквы разам з настаяцелем іерэем Пятром Дайлілёнкам сталі ліквідаваць пашкоджанні сваімі сіламі. Як вынік – атрымалі штраф.
– Сумна, бо рабілі гэта з добрымі намерамі, стараліся выратаваць храм ад разбурэння, – падкрэсліў благачынны Глыбоцкай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітко. – Безумоўна, мы разумеем неабходнасць складання адпаведнай дакументацыі, правядзення экспертызы. Але дзе знайсці грошы? Прыходы на вёсцы невялікія. На ахвяраванні вяскоўцаў, а пераважна гэта пажылыя людзі, зрабіць усё гэта надзвычай складана. Вось калі б пытанні, якія тычацца помнікаў архітэктуры мясцовага значэння, вырашаліся на раённым узроўні, было б значна прасцей.
Уладзімір Андрэйчанка паабяцаў перадаць прапанову святара міністру культуры Беларусі Юрыю Бондару, падкрэсліўшы, што пытанне захавання гістарычнай спадчыны патрабуе асаблівага разгляду.
А глыбачанка Марыя Скурко звярнулася па дапамогу ад імя маці Яніны Іўчык. Іх прыватны дом пабудаваны ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Дарогу не раз падсыпалі, у выніку канавы, што пралягаюць уздоўж яе, апынуліся значна вышэй за зямельны ўчастак. Апошнім часам прыдамавая тэрыторыя пастаянна заліта вадой.
Намеснік старшыні райвыканкама Алег Варша паказаў Уладзіміру Паўлавічу схему ўчастка і растлумачыў, якім чынам спецыялісты прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі паспрабуюць вырашыць дадзенае пытанне.
Гараджанін Алег Лысёнак, які з'яўляецца кіраўніком міжнароднага экалагічнага грамадскага аб'яднання «Прырода і мы», расказаў Уладзіміру Паўлавічу аб паспяховых экалагічных праектах, у тым ліку рэалізуемых у рамках праектаў ЕС/ПРААН.
Напрыклад, сёлета ў Глыбоцкім раёне было ачышчана некалькі сажалак, устаноўлены 4 масты, зроблены зоны адпачынку на двух азёрах, сцэна для правядзення ў аграгарадку Удзела штогадовага экалагічнага фестывалю. 74-гадовы глыбачанін хоча, каб падобныя праекты рэалізоўваліся ва ўсіх раёнах краіны.
Падчас прыёму былі разгледжаны і многія іншыя пытанні, у тым ліку якія тычацца падвядзення водаправода да дзвюх вёсак, рэканструкцыі стадыёна СШ №3 і гімназіі, удакладнення межаў зямельнага ўчастка жыхаркі адной з вёсак.
Глыбачанін Уладзімір Хмялеўскі ад імя ветэранаў працы падзякаваў Уладзіміру Паўлавічу за шматгадовую дапамогу і падтрымку, што аказваецца раёну.
«Віцебскія весці». Фота БЕЛТА.