Пытанне працаўладкавання маладых інвалідаў абмяркуюць на міжнароднай канферэнцыі ў Віцебску

10 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародная канферэнцыя "Новыя працоўныя месцы: шляхі і сродкі ўцягвання маладых людзей з інваліднасцю ў працоўную дзейнасць" пройдзе 16-17 лістапада ў Віцебску. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. У мерапрыемстве возьмуць удзел спецыялісты сістэмы сацыяльнай абароны, адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў (на якіх працуюць інваліды) Віцебскай вобласці, дэлегацыі горада Хальмстад (Швецыя). Таксама запрошаны спецыялісты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Брэста і Кобрына. Удзельнікі канферэнцыі азнаёмяцца з арганізацыяй працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскім рэгіёне і ў Хальмстадзе, абмяняюцца вопытам і думкамі аб магчымасцях стварэння працоўных месцаў для людзей гэтай катэгорыі, іх больш шырокага ўцягвання ў працоўную дзейнасць. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках рэалізацыі беларуска-шведскага праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці", на рэалізацыю якога ў 2009-2012 гадах шведскі ўрад выдзеліў 130 тыс. еўра. Гэта ўжо другі праект паміж Віцебскай вобласцю і Хальмстадам, накіраваны на паляпшэнне жыцця інвалідаў і які фінансуецца за кошт шведскага боку. Яго мэта - палепшыць умовы і якасць жыцця дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Другая задача - зламаць у свядомасці людзей адмоўны стэрэатып, які склаўся ў адносінах да інвалідаў.-0-