Пытанні антыманапольнага рэгулявання на трансгранічных рынках ЕАЭС абмяркуюць у Віцебску
У Віцебску сёння адбудзецца выязное пасяджэнне Грамадскай прыёмнай блока па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме.
У першай частцы пасяджэння эксперты ЕЭК раскажуць аб агульных правілах канкурэнцыі на трансгранічных рынках Еўразійскага эканамічнага Саюза, адказнасці за парушэнне гэтых правіл, а таксама парадку звароту ў ЕЭК для абароны сваіх правоў. Затым прадстаўнікі ЕЭК правядуць асабісты прыём заяўнікаў па пытаннях складу і зместу міжнародных дагавораў і нарматыўна-прававых актаў, якія ўваходзяць у права Еўразійскага эканамічнага саюза, у сферы канкурэнцыі і антыманапольнага рэгулявання; патрабаванняў да заявы (матэрыялаў) аб парушэнні агульных правіл канкурэнцыі на трансгранічных рынках Еўразійскага эканамічнага саюза і іншых актуальных тэмах.
Удзел у мерапрыемстве прымуць прадстаўнікі дзяржорганаў, прадпрыемстваў-экспарцёраў рознага профілю і іншых суб'ектаў гаспадаркі. Серыя пасяджэнняў грамадскіх прыёмных экспертаў блока па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК стартавала ў Беларусі 19 жніўня з Брэста. Наступная сустрэча адбудзецца 22 жніўня ў Магілёве.