Пытанні «Дажынак», маладых кадраў, спажывецкай кааперацыі агучылі журналісты падчас прэс-канферэнцыі Мікалая Шарснёва

Вопросы «Дажынак», молодых кадров, потребкооперации озвучили журналисты во время пресс-конференции Николая Шерстнёва
Напярэдадні Дзён друку, работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ў аблвыканкаме ўзнагародзілі пераможцаў і лаўрэатаў абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Францыска Скарыны і электронных – на прэмію «Віцязь».

Напярэдадні цырымоніі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў завастрыў увагу на тым, што сучаснае грамадства немагчыма ўявіць без камунікацый, якія фарміруюць інфармацыйную прастору.

– Сродкі масавай інфармацыі ўдзельнічаюць у стварэнні сацыяльнага настрою людзей, у фарміраванні іміджу вобласці ў маштабах краіны. Выкананне гэтых задач патрабуе добрасумленнага стаўлення да справы. Пазіцыя журналістаў павінна заключацца ў тым, каб не хаваць недахопы, а выяўляць іх, адлюстроўваць прычыны і шукаць шляхі рашэння, – падкрэсліў кіраўнік вобласці, адзначыўшы пры гэтым, што так працуе шэраг выданняў, у тым ліку і «Віцебскія весці».

Журналісты, лічыць Мікалай Шарстнёў, павінны не толькі выступаць ілюстратарамі жыцця, але і зазіраць у глыбіню з'яў, што адбываюцца. Слова – вялікая зброя і каштоўныя лекі, якія могуць як загубіць, так і вылечыць.

Пасля ўзнагароджання пераможцаў старшыня аблвыканкама адказаў на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

 

 

 

Пра давер грамадства да СМІ

– Сродкі масавай інфармацыі – звязваючае звяно паміж дзяржавай і народам. Працоўны дзень я пачынаю з прагляду газет, спачатку рэгіянальных, потым – рэспубліканскіх. У іх знаходжу аб’ектыўную, своечасовую інфармацыю, якая дапамагае правільна і хутка прымаць рашэнне. Як у кіраўніка вобласці і простага чытача ў мяне высокі давер да дзяржаўных СМІ. Асаблівую ўвагу звяртаю на крытычныя публікацыі. Без памылак, лічу, няма руху наперад. Крытыка – стымул для ўдасканалення, калі яна аб’ектыўная і ўзважаная.

У сучасным свеце сродкі масавай камунікацыі вельмі аператыўна асвятляюць тое, што адбываецца. Але часам мне не хапае ў некаторых публікацыях глыбіні раскрыцця тэмы, калі гаворка ідзе пра сур’ёзныя пытанні эканамічнага, сацыяльнага характару.

Аб «Дажынках» у Браславе

– Асноўная матывацыя правядзення «Дажынак» сёлета ў Браславе, – асучасніць горад, зрабіць яго больш прывабным і для жыхароў, і для гасцей. З іншага боку, фестываль працаўнікоў вёскі будзе праходзіць у рэгіёне, дзе слаба развіты аграрны сектар. Таму я звязваю разам стварэнне ўмоў для павышэння турыстычнага патэнцыялу азёрнага краю і адраджэнне сельскай гаспадаркі ў Браслаўскім раёне. Горад павінен стаць камфортным для пражывання, пастаўлена задача прывесці ў парадак вуліцы, адрамантаваць жыллё, школы, дзіцячыя сады, спартыўныя збудаванні, у перспектыве – пабудаваць ФАК з басейнам. У найбліжэйшых планах – добраўпарадкаваць гарадскі пляж, тэрыторыю, стварыць інфраструктуру, каб жыхары і турысты маглі пакатацца на катамаранах, лодках і г.д. У апошнія гады райцэнтр асацыюецца з фестывалем Viva Braslav, на які прыязджаюць людзі з розных краін. Летась сабралася каля 30 тысяч гасцей – у тры разы больш, чым жыхароў горада. Трэба стварыць добрыя ўмовы для арганізацыі гэтага музычнага свята, аснасціць сцэну, абсталяваць стаянкі, вызначыць, дзе спыніцца прыезджым. Усё гэта паўплывае на турыстычную прывабнасць Браслава.

Аб’екты, на якіх зараз вядзецца праца, вызначаны ў тым ліку з улікам пажаданняў насельніцтва горада.

Аб інтэграцыйных структурах у АПК

– Размова аб стварэнні буйных сельскагаспадарчых комплексаў мы пачалі весці чатыры гады таму. Такім быў мой стратэгічны план, і я быў цвёрда перакананы ў яго паспяховасці. Цэнтралізаваўшы капітал, можна канкурыраваць на ўнутраным і знешнім рынках. Гэтага напрамку прытрымліваецца і ўрад. Прэзідэнт Беларусі падпісаў Дырэктыву №6, дзе адным з пунктаў прапісана стварэнне буйных кааперацыйна-інтэграцыйных фарміраванняў, аграхолдынгі з удзелам арганізацый, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Гэта дарожная карта, стратэгія развіцця сельскай гаспадаркі, і Віцебшчына ідзе ў гэтым напрамку. Мы зрабілі першы крок, аб'яднаўшы каля 30 гаспадарак з прамысловымі прадпрыемствамі малочнай і мясной перапрацоўкі. На сённяшні дзень чатыры інтэграцыйныя структуры – аршанская, полацкая, глубокская і віцебская – апрацоўваюць 450 тыс. га ворнай зямлі (усяго ў вобласці 800 тыс.), гэта значыць больш за палову зямель. Відаць, як змяняецца структура палёў, як узрасла культура земляробства. Вынік на твары. Раней Віцебшчына апошняй заканчвала сяўбу яравых, а сёлета выйшла ў лідары. За буйнымі сельскагаспадарчымі фарміраваннямі будучыня. Стаіць задача за пяць гадоў асучасніць сельскую гаспадарку. Стварыць умовы, каб аграпрамысловы комплекс стаў прывабным для моладзі, каб тыя, хто жыве на вёсцы, мелі ўсе выгоды не горш, чым у горадзе.

Аб маладых кадрах

– Вобласць адчувае дэфіцыт высокаадукаваных спецыялістаў, якіх патрабуюць рэаліі часу. Некаторыя прадпрыемствы вымушаны самастойна рыхтаваць кадры для сябе. Трэба ва ўстановах адукацыі навучаць прафесіям, запатрабаваным на рынку працы, і рыхтаваць больш студэнтаў па мэтавых накіраваннях. Часы мяняюцца, адукацыя адстала ад патрэб сённяшняга дня. Асноўная праблемная сфера – сельская гаспадарка. У некаторых рэгіёнах Беларусі няма кваліфікаваных ветэрынарных урачоў. Трэба даць магчымасць вяскоўцам паступаць у ВНУ і вяртацца ў родныя мясціны. А пакуль у ветэрынарную акадэмію ідуць 70% гарадскіх рабят і, атрымаўшы дыплом, раствараюцца. Неабходна мяняць падыходы. Прымусовая адпрацоўка пасля ВНУ малаэфектыўная. Будучы спецыяліст павінен ведаць, што на яго працоўным месцы ёсць усе ўмовы, у яго будзе добрая зарплата. Прыемна ўсведамляць, што на Віцебшчыне шмат што ў гэтым плане зроблена, таму нямала выпускнікоў ветэрынарнай акадэміі просяць, каб іх працаўладкавалі ў нашай вобласці.

Аб значных інвестпраектах

– Большасць рэгіёнаў Віцебшчыны сельскагаспадарчыя. Выручка ад АПК у іх складае ад 50 да 70%. Прамысловасць у асноўным развітая ў вялікіх гарадах, а ў малыя інвестары не спяшаюцца. Ёсць добрыя прыклады, але іх недастаткова. У прыватнасці, у Міёрах уводзіцца ў строй завод белай бляхі. Інвестары ўклалі ў яго стварэнне 300 млн долараў. Калі б у кожным раёне пабудаваць па адным буйным прадпрыемстве, гэта б вырашыла шмат праблем. Тады б моладзь не з'язджала ў буйныя гарады ў пошуках працы.

У сельскай гаспадарцы ёсць прагрэс, ідзе паслядоўная праца, узводзяцца новыя комплексы. У прамысловасці пакуль складаней. Хочацца, каб самі жыхары праяўлялі ініцыятыву, стваралі вытворчасці, каб развіваўся малы і сярэдні бізнес.

Аб праблемах спажывецкай кааперацыі

– Бачым, што сітуацыя ў райпо з кожным годам становіцца ўсё горш, некаторыя раённыя таварыствы сталі банкрутамі, і гэта ў першую чаргу адбіваецца на якасці гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. Гэтую праблему мы разглядалі ў выканкаме і дамовіліся стварыць буйную сетку з кіруючай кампаніяй, выключыўшы прамежкавыя раённыя звяны і тым самым скараціўшы затраты. Прыклад таму «Еўраопт». У гэтай гандлёвай сеткі кіраўніцкі апарат на ўсю краіну меншы, чым у нас у вобласці ў спажывецкай кааперацыі. Яны працуюць сучасна, а райпо – па-старынцы. Таму стаіць першаачарговая задача – змяніць падыходы, аптымізаваць, паменшыць затратную частку. Гэта нялёгка, калі ўлічыць спецыфіку нашага рэгіёна. На Віцебшчыне звыш 6,3 тыс. населеных пунктаў, а на Брэстчыне, да прыкладу, крыху больш за 3 тыс. Мы пайшлі на эксперымент. Аршанскі раён цалкам абслугоўваецца «Еўраоптам», і рэнтабельнасць гандлю тут вышэй, чым у сярэднім па рэспубліцы. Але Аршаншчыну не параўнаць з Гарадоцкім ці Расонскім раёнамі, дзе населеныя пункты размешчаны не так кампактна. Мы не гатовыя цалкам перадаць гандаль «Еўраопту» і іншым сеткам. Можам страціць тое, што ёсць. Але трэба паслядоўна, крок за крокам мадэрнізаваць спажывецкую кааперацыю, вучыцца канкураваць на сучасным узроўні, прапаноўваць якасны тавар па лепшых цэнах. У гэтым годзе павінны скончыць фарміраваць кіраўніцкую структуру, а ў наступным чакаць вынік.

Пра спартсменаў

– Спартыўныя дасягненні падымаюць аўтарытэт краіны. Лепшыя спартсмены – прыклад для моладзі. Прадстаўнікі Віцебшчыны ў мінулым годзе заваявалі 154 медалі, гэта лепшы вынік сярод усіх рэгіёнаў, акрамя Мінска. Еўрапейскія гульні для Беларусі – знакавая падзея, нашы спартсмены будуць выступаць у асяроддзі сусветнай эліты. Будзем за іх хварэць і пажадаем ім перамогі.

Пра ўрокі ад бацькі

– Мае бацькі былі падлеткамі ў гады Вялікай Айчыннай, адзін дзядуля загінуў у фінскай вайне, другі – у 1942-м. З апавяданняў бацькі і маці ў памяці выразна адбіліся іх словы пра страшэнны голад. На полі, вырытым снарадамі, яны ў 20-градусны мароз збіралі мерзлую бульбу, капусту. Сёння думаю, што гэта нейкім чынам наклала адбітак на далейшы лёс бацькі, які займаўся вытворчасцю сельгаспрадукцыі, быў звянавым па вырошчванні бульбы. Таксама запомнілася, як людзі дапамагалі адзін аднаму, стараліся выжыць і дачакацца Дня Перамогі.

Пра сваю малую радзіму 

– Успамінаю сваё дзяцінства і юнацтва, і мне здаецца, што ў тыя гады мы жылі весела, шчасліва, дружна. Нам, дзецям, не трэба было нешта паўтараць па два-тры разы. Мы паважалі бацькоў. Шкада, што ў тых мясцінах ужо не засталося родных, знаёмых, але яны жывуць у маёй памяці, як і бацькоўскі дом, дзяцінства, юнацтва. Спадарожжаўшы і атрымаўшы спецыяльнасць, я пачаў працаваць у роднай гаспадарцы на Аршаншчыне. І сёння стараюся бываць на сваёй малой радзіме. Хацелася б, каб яе населеныя пункты былі добраўпарадкаваны, дарогі дагледжаны, людзі жылі ў дастатку.

"Віцебскія весці".