Пытанні гібелі людзей ад знешніх прычын абмеркавалі ў Віцебску

Вопросы гибели людей от внешних причин обсудили в Витебске
Як знізіць гібель людзей на вадзе, ад пажараў, алкагольных атручванняў і іншых знешніх прычын? Гэтае пытанне было вынесена ў парадак дня пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў.


Акцэнт быў зроблены на працу, якая праводзіцца агляднымі камісіямі і суб'ектамі прафілактыкі па папярэджанні няшчасных выпадкаў. Як адзначыў старшыня аблсавета Дзмітрый Дзямідаў, на Віцебшчыне назіраецца зніжэнне колькасці гібелі людзей ад знешніх прычын. Але супакойвацца не трэба, бо за кожнай трагедыяй стаіць чалавечае жыццё.

– Пасяджэнне мы праводзім сумесна з абласной камісіяй па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, якую ўзначальвае намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Задача – усебакова разгледзець вынесенае на пасяджэнне прэзідыума пытанне ў разрэзе ўсіх рэгіёнаў, вызначыць праблемы і недахопы, выпрацаваць механізмы сумеснай дзейнасці. Бо забеспячэнне бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва – адна з ключавых задач органаў улады і ўсіх суб'ектаў прафілактыкі, – падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці звярнуў увагу на тое, што асноўная прычына трагедый – алкагольнае ап'янэнне, якое цягне за сабой і іншыя бяды. Пакутуюць дзеці, суседзі, растуць правапарушэнні, звязаныя з гвалтам у сям'і, калецтвамі, прычыненымі ў п'яных бойках і г.д.

У Беларусі створаны такі інстытут прафілактыкі як аглядныя камісіі, у якія ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх суб'ектаў прафілактыкі правапарушэнняў. Гэта органы ўнутраных спраў, МНС, аховы здароўя, газавая служба, энерганагляд, ЖКГ і інш.

– Прафілактыка павінна быць нацэлена на ўстараненне першапрычыны правапарушэнняў. Мы можам дамагчыся выніку толькі ў тым выпадку, калі ўсе суб'екты прафілактыкі будуць максімальна адказныя, скаардынаваны і сістэмна працаваць. Важны і ўдзел усіх людзей, не толькі службовых асоб, якія своечасова заўважаць, сігналізуюць аб тым, што наспела бяда. Часам менавіта абыякавасць прыводзіць да трагедый, – заўважыў Дзмітрый Дзямідаў.

Важнасць дадзенай працы адзначыў і член Савета Рэспублікі, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін.

– Мы акцэнтуем увагу на якасць выканання ўсімі суб'ектамі прафілактыкі сваіх службовых абавязкаў. У гэтым годзе ў параўнанні з мінулым Віцебшчына з'яўляецца другім рэгіёнам у рэспубліцы, які не дапусціў росту пажараў і гібелі на іх людзей. Галоўная прычына трагедый – атручэнне алкаголем. Большасць узгаранняў таксама звязана з ужываннем спіртнога і курэннем, – сказаў Сяргей Мялешкін.

Самая эфектыўная праца па прафілактыцы – гутаркі з людзьмі, якія ўваходзяць у зону рызыкі, абследаванне ўмоў іх жыцця, своечасовае выяўленне і ліквідацыя перадумоў для трагедый.

На пасяджэнні прэзідыума таксама разгледзелі пытанне аб стане і мерах па паляпшэнні пітнога водазабеспячэння на прыкладзе Лёзненскага раёна. Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што ў апошнія гады ў рэгіёне праводзіцца вялікая праца па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой. На гэта накіраваны немалыя інвестыцыі, будуюцца станцыі абезжалезвання вады, мяняюцца водаправоды, ствараецца інфраструктура, і ўсё гэта дае добры вынік.

– Сёння неабходна зрабіць усё, каб людзі былі забяспечаны якаснай, чыстай, пітной вадой, – нацэліў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.

Генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько растлумачыў, што на Віцебшчыне 99,6 % насельніцтва забяспечаны якасным водазабеспячэннем.

– За чатыры гады асвоена больш за 140 млн рублёў на выкананне работ па забеспячэнні жыхароў чыстай пітной вадой. Усе аб'екты, якія мы будуем, уводзяцца ў тэрмін. Калі казаць пра буйныя населеныя пункты, то ў гэтым годзе нам засталося дабудаваць яшчэ 11 станцый абезжалезвання, а ўсяго ў 2024-м уводзім 41 буйны аб'ект. На 2025-ы стаіць задача пабудаваць яшчэ 11 станцый у вялікіх населеных пунктах і каля 600 міні-станцый, каб завяршыць праграму, – падвёў вынік Аляксей Хвалько.

"Віцебскія весці"