Пытанні патрыятычнага выхавання і прафарыентацыі абмеркавалі на падагульняючай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі
У абласным інстытуце развіцця адукацыі сабраліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў Віцебшчыны, каб прааналізаваць усё, што зроблена для якаснага навучання і выхавання падрастаючага пакалення, абмеркаваць недапрацоўкі, вызначыць задачы на бліжэйшую будучыню.
Паколькі вялікая ўвага ў апошнія гады надаецца захаванню гістарычнай праўды, патрыятычным выхаванню, з гэтага і пачаў свой выступ начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ён адзначыў, што на Віцебшчыне імёны знакамітых землякоў і герояў Вялікай Айчыннай вайны носяць ужо 130 устаноў адукацыі, прычым 55 з іх атрымалі гэта права ў мінулым годзе. У фарміраванні любові да Радзімы, актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў падрастаючага пакалення важную ролю адыгрываюць ваенна-патрыятычныя клубы, музейная і экскурсійная дзейнасць. Уплыў аказвае і ўдзел у значных праектах рознага маштабу — ад рэгіянальных, як «Полацкі рубяж», да міжнародных, да якіх, напрыклад, адносіцца «Поезд Памяці».
Але і пра іншыя напрамкі сістэма адукацыі Віцебшчыны ў 2022-м не забывала.
— Калі казаць пра навучальную дзейнасць, то нам тут ёсць чым пахваліцца, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Віцебская вобласць заваявала першае месца па колькасці дыпломаў, атрыманых на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, мы таксама сталі першымі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы, уваходзім на сённяшні дзень у тройку лепшых па цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэта сведчыць пра тое, што сістэма адукацыі сёння здольна якасна рыхтаваць нашых дзяцей.
Адна з адказных задач, якія стаяць цяпер перад педагогамі, упэўнены Дзмітрый Хома, — дапамагчы кожнаму дзіцяці з выбарам будучай прафесіі. На Віцебшчыне для гэтага робіцца нямала. Калі па краіне каля 60% выпускнікоў школ працягваюць сваю адукацыю ў ВНУ, то ў нашай вобласці парадку 50% дзяцей выбіраюць прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю.
— Вырашаецца задача папулярызацыі рабочых прафесій, аснашчэння нашых навучальных устаноў па апошнім слове тэхнікі для таго, каб хлопцы маглі асвоіць самыя сучасныя спецыяльнасці, былі запатрабаваны на рынку працы, маглі пасля навучання адразу працаўладкавацца і атрымліваць годнае заробку, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі.
Свой погляд на значнасць педагагічнай дзейнасці выказаў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які прысутнічаў на выніковай калегіі. Ён адзначыў:
— Сістэма адукацыі — вельмі важная сфера нашага жыцця, той фундамент, на якім стаіць і будзе стаяць наша грамадства. Ва ўмовах глабальных перамен, турбулентнасці свету, калі рэалізуецца палітыка скажэння фактаў гісторыі, навязваецца абсалютна чужая ідэалогія, мы з вамі прыкладаем усе намаганні, каб падрастаючае пакаленне захавала гістарычную праўду, памяць аб ахвярах нацызму, генацыду беларускага народа.
Вячаслаў Дурноў завастрыў увагу на тым, што неабходна выхоўваць моладзь, для якой суверэнітэт нашай краіны — асноватворнае паняцце. А на гэтым фундаменце будзе ісці фарміраванне і грамадзянскасці, і патрыятызму, і нацыянальнай самасвядомасці.
Намеснік старшыні аблвыканкама папрасіў не грэбаваць пытаннямі бяспекі, падкрэсліў, як важна, каб кожнае дзіця было ў полі зроку педагогаў.
— Трывогу выклікаюць злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркатычных, псіхатропных рэчываў, гібель дзяцей ад знешніх прычын і суіцыд, што наогул недапушчальна. Такія факты перакрэсліваюць усю працу, якая праводзіцца суб'ектамі прафілактыкі, — лічыць Вячаслаў Дурноў.
Шмат падчас калегіі гаварылася аб прафарыентацыі, аб неабходнасці выбудаваць механізмы ўзаемадзеяння паміж працадаўцамі і выпускнікамі каледжаў і ВНУ.
— Найлепшая моладзь павінна заставацца ў нас у вобласці, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама. — Хацелася б, каб, нават адвучыўшыся ў сталіцы, выпускнікі вярталіся да нас, на Віцебшчыну, і працавалі на карысць яе эканомікі. Важнымі застаюцца і пытанні абуладкавання маладых спецыялістаў.
Урачыстым фінальным акордам стала ўручэнне ўзнагарод лепшым навучальным установам і педагогам. У прыватнасці, упершыню па выніках працы за 2022 год быў праведзены абласны конкурс на лепшую ўстанову адукацыі і структурнае падраздзяленне райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, што ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі. Лепшым па ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі прызнаны Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, па ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — Віцебскі дзяржаўны індустрыяльны каледж. У ліку пераможцаў таксама ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама, Віцебская гімназія № 2, Асінторфская СШ Дубровенскага раёна, дзіцячы сад № 1 Сянно, Дабрамыслінскі дзіцячы сад «Ялінка» Лёзненскага раёна.