Пытанні падтрымкі таленавітай моладзі абмяркуюць на II Міжнародным форуме «Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці»
Аказаць рэальную дапамогу ў станаўленні бізнесу — у гэтым заключаецца ўсёабдымная мэта II Міжнароднага форуму «Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці «Ад малога да вялікага».
Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай форуму, які пройдзе пад эгідай Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва 17-18 лістапада ў Віцебску. Таксама стала вядома, што ў яго рабоце возьмуць удзел прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, выканаўчай і заканадаўчай улады, інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, аб'яднанняў прадпрымальнікаў Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Кітая. Пра гэта паведаміла дырэктар абласнога цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка. Яна ж адзначыла, што ў фокусе сёлетняга форуму — фестываль «Малады прадпрымальнік», у рамках якога адбудзецца падвядзенне вынікаў конкурсу «Праекты без межаў». Усяго да ўдзелу быў дапушчаны 31 праект, у фінал выйдуць 10. Некаторыя задумкі, па словах І.Макаранка, уражваюць маштабам, напрыклад, адна з іх прапануе мадэрнізацыю аэрапорта.
Менавіта пытанні падтрымкі таленавітай моладзі стануць адной з найважнейшых асаблівасцей форуму — у гэтым выказаў упэўненасць выканаўчы дырэктар Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў у Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік кампаніі «Вітвар» Аляксей Сычоў. Ён падзяліўся планамі па стварэнні ў вобласці адпаведнага фонду, са сродкаў якога будуць выдзяляцца грошы для дапамогі маладым прадпрымальнікам.
— Хацелася б са наступнага года прапанаваць развіць канцэпцыю, якая будзе грунтавацца на аб'яўленні конкурсу праектаў, разлічаных на канкрэтную сферу эканомікі, — расказаў А.Сычоў. — Падобны досвед ёсць у Расіі як прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, калі задзейнічаюцца прадстаўнікі бізнесу, зацікаўленыя ў новых крэатыўных ідэях. Ужо адбылася размова з кіраўніком вобласці, прадугледжана магчымасць прыцягнення на гэтыя мэты сродкаў прадпрыемстваў.
А.Мацкевіч ідэю падтрымаў. На яго думку, фонд па падтрымцы таленавітай моладзі павінен быць створаны пры старшыні аблвыканкама, прычым у найкароткія тэрміны, каб ужо ў наступным годзе пачаць працу.
Віталь ШЫЕНОК, "Віцьбічы".