Пытанні падрыхтоўкі адукацыйных мэнэджараў абмяркуюць на міжнародным семінары ў Віцебску

7 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пытанні падрыхтоўкі адукацыйных мэнэджараў і тэхналогіі навучання студэнтаў у шматузроўневай сістэме вышэйшай адукацыі абмяркуюць удзельнікі міжнароднага семінара, які пройдзе 8 верасня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле міжнароднага супрацоўніцтва віцебскай ВНУ. У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі ўніверсітэтаў з Германіі і Расіі, якія выступаюць партнёрамі віцебскай ВНУ па міжнародным праекце "Сеткавае ўзаемадзеянне ўніверсітэтаў-партнёраў у рэалізацыі шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне адукацыйнага мэнэджменту". Вучоныя падзеляцца вопытам прымянення тэхналогій і методык навучання студэнтаў, а таксама ўкаранення праграмы падрыхтоўкі адукацыйных мэнэджараў, якая адпавядае міжнародным стандартам. Будуць абмяркоўвацца перспектывы супрацоўніцтва віцебскага ўніверсітэта з ВНУ Расіі і Германіі, пасля чаго госці азнаёмяцца з вучэбнай базай ВДУ. Роля кіраўніцкіх кадраў ва ўмовах інавацыйнага развіцця сучаснай школы, неабходнасці яе адаптацыі да функцыянавання ў рынкавых умовах значна павышаецца. Ад кіраўнікоў адукацыйных устаноў патрабуецца высокая кампетэнцыя ў розных аспектах кіраўніцкай дзейнасці. Для вырашэння гэтай праблемы ВНУ пяці краін вырашылі аб'яднаць намаганні і рэалізаваць інавацыйную праграму падрыхтоўкі мэнэджараў адукацыі з улікам сучаснага развіцця тэорыі і практыкі кіравання. Праект рэалізуецца ў межах праграмы Еўрапейскага саюза "Тэмпус". Кансорцыум універсітэтаў, у які акрамя ВДУ ўвайшлі ВНУ Германіі, Расіі, Аўстрыі, Польшчы і Украіны, плануе стварэнне шматузроўневай падрыхтоўкі спецыялістаў у магістратуры, аспірантуры, павышэнне кваліфікацыі кадраў. Удзел у праекце віцебскага ўніверсітэта дазволіць беларускім спецыялістам скарыстацца адукацыйнымі паслугамі еўрапейскіх ВНУ, павысіць якасць падрыхтоўкі і мабільнасць студэнтаў.-0-