Пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі будуць абмяркоўвацца на семінары ў Віцебску
20 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пытанні павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскім семінары, які пройдзе 22 красавіка на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (ВДАВМ). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік навуковага аддзела віцебскай ВНУ кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт Аляксандр Субоцін.
У мерапрыемстве возьмуць удзел рэктары ВНУ, дырэктары сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў аграрнага профілю і прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У цэнтры ўвагі спецыялістаў будуць пытанні ўкаранення інавацыйных адукацыйных тэхналогій у навучальны працэс, праблемы інтэграцыі вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыі, стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для забеспячэння адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай дзейнасці. На семінары таксама адбудзецца абмен вопытам навучальных устаноў па стварэнні і ўкараненні эфектыўных адукацыйных праграм і тэхналогій навучання. Спецыялісты азнаёмяцца з вучэбнай і матэрыяльнай базай віцебскай акадэміі, а таксама яе вопытам работы па падрыхтоўцы практыкаарыентаваных спецыялістаў. Акрамя таго, удзельнікі семінара наведаюць шэраг вядучых сельгаспрадпрыемстваў вобласці для вывучэння арганізацыі работы філіялаў кафедраў ВДАВМ і вучэбна-вытворчых комплексаў, створаных ветэрынарнай акадэміяй.
У ходзе семінара адбудзецца прэзентацыя перспектыў развіцця зааветэрынарнай асацыяцыі "Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць", якая створана на базе віцебскай ветэрынарнай акадэміі ў 2006 годзе. Асацыяцыя аб'ядноўвае 12 ВНУ і ССНУ краіны.
Арганізатарамі семінара выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны.-0-