Пошукі маці з 3-гадовай дачкой у лясах Аршанскага раёна працягваліся восем гадзін
16 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Супрацоўнікі міліцыі і МНС 8 гадзін правялі ў пошуках маці з 3-гадовай дачкой, якія згубіліся ў лесе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Аршанскага РАУС Леанід Міхайлаў.
Аб здарэнні міліцыі стала вядома 15 верасня ў 17.40. Занепакоены мужчына расказаў, што яму патэлефанавала на мабільны тэлефон жонка і паведаміла, што яны з дачкой згубіліся ў лесе. Пошукі пачаліся адразу ж. Да меркаванага месца знаходжання зніклых адправіліся 25 супрацоўнікаў Аршанскага РАУС, да якіх падключыліся 2 экіпажы МНС на аўтамабілях і міліцыянеры Богушэўскага аддзела Сянненскага РАУС. Усяго каля 40 чалавек былі задзейнічаны ў розыску.
Па словах Леаніда Міхайлава, сувязь з жанчынай увесь час падтрымлівалася па мабільным тэлефоне. Аўтамабілі МНС падавалі гукавыя сігналы. А для асвятлення тэрыторыі запускаліся сігнальныя ракеты. У выніку ў 1.40 гадзіны «гарэ-грыбніц» выявілі на балоце. Жанчына і дзіця былі дастаўлены ў бальніцу і агледжаны ўрачамі. Цяпер маці і дачка знаходзяцца дома.-0-