Восем чалавек загінула на вадаёмах Віцебскай вобласці за мінулы тыдзень
18 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Восем чалавек загінула на вадаёмах Віцебскай вобласці за мінулы тыдзень, яшчэ дзевяцёх грамадзян, сярод якіх адно дзіця, удалося выратаваць спецыялістам Асвода. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў вядучы спецыяліст абласной арганізацыі Асвода Вячаслаў Ваненок.
У Міёрскім раёне ахвярай вады стала 16-гадовая навучэнка Даўгінаўскай сярэдняй школы. Трагедыя здарылася на рацэ Заходняя Дзвіна ў тым месцы, дзе яна падзяляе вёску Слабада Міёрскага раёна і райцэнтр суседзяга Верхнядзвінскага раёна. Як устаноўлена, дзяўчынка разам з двума сяброўкамі вырашыла трапіць са Слабады ў Верхнядзвінск па самым кароткім шляху - уплаў праз Заходнюю Дзвіну, пры гэтым дзяўчаты палезлі ў ваду прама ў адзенні. У нейкі момант падлетак знік з паверхні ракі, пазней было знойдзена яе цела.
Па-ранейшаму адной з асноўных прычын трагедый на вадзе застаецца купанне ў нецвярозым стане. Толькі за мінулы тыдзень па гэтай прычыне патанула 4 чалавекі.
Па аператыўных даных, усяго з пачатку года на вадаёмах вобласці патанула 73 чалавекі (у тым ліку 8 дзяцей), што на 35,6% менш, чым за аналагічны перыяд 2010 года, пры гэтым за аналагічны тыдзень 2010 года ў вобласці патанула 38 чалавек.
Гарачае надвор'е патрабуе павышанай пільнасці і адэкватных паводзін на вадаёмах, поўнага адмовы ад ужывання алкаголю пры адпачынку ля вады, нагадваюць спецыялісты Асвода. У такое надвор'е асаблівую актуальнасць набывае забарона на купанне ў неабарудаваных месцах. Бацькам варта ўзмацніць увагу да дзяцей, асабліва пры адпачынку на вялікіх рэках, дзе хуткае цячэнне хавае павышаную небяспеку для яшчэ не здольных адэкватна ацаніць свае сілы маленькіх купальшчыкаў.-0-