Восем каманд з Беларусі і Расіі пазмагаюцца за перамогу ў турніры МТЗ па валейболе ў Віцебску


Турнір МТЗ сярод каманд прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Расіі праводзяць у Віцебску з 15 па 18 чэрвеня. Першыя гульні прайшлі ўжо ў чацвер, напярэдадні афіцыйнага адкрыцця спаборніцтваў. Урачыстая цырымонія адбудзецца сёння ў 10.00 на тэрыторыі футбольнага клуба "Віцебск". Ужо з 11.00 і да 19.00 каманды будуць сустракацца на пляцоўцы. Найбольш насычаным спаборніцкім днём стане 17 чэрвеня (запланавана адразу 10 гульняў). У фінальны дзень турніру, 18 чэрвеня, а 13.00, пасля чатырох сустрэч, адбудуцца ўзнагароджанне пераможцаў і цырымонія закрыцця.

За права называцца лепшай паспрачаюцца зборныя з Мінска, Віцебска і Гомеля. Упершыню ў турніры бяруць удзел расіяне, што надае спаборніцтвам міжнародны статус. "Упершыню мы правялі такія спаборніцтвы ў красавіку мінулага года, затым - у снежні. Бачым, як паступова расце колькасць удзельнікаў: калі першы турнір сабраў пяць каманд, у другім удзельнічала сем, то зараз свае сілы паказваюць восем каманд. У гэтым годзе сустракаем гасцей з Самары - гэта студэнты мясцовага ўніверсітэта. Таксама прадстаўлены Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Студэнтаў падключылі, каб ацаніць іх перспектывы, а таксама для магчымага далейшага працаўладкавання, - растлумачылі арганізатары. - Планаваліся да ўдзелу каманды з Сербіі і Узбекістана, але ў іх не атрымалася прыехаць па розных прычынах".

Падобныя спаборніцтвы, падкрэслілі арганізатары, дазваляюць паўплываць на папулярнасць валейбола як віду спорту, здаровага ладу жыцця. Акрамя таго, турнір дапамагае згуртаваць калектывы і наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, якія ў ім удзельнічаюць.

Сярод арганізатараў турніру – Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Беларуская федэрацыя валейбола, валейбольны клуб «Мінск» і Віцебскі завод трактарных запасных частак.