Васем камбайнаў для разьмяшчэньня кармоў перадалі аграрыям Віцебскай вобласьці
– Я на падобнай тэхніцы КВК-800 адпрацаваў больш за дзесяць гадоў, а працую ў гаспадарцы 27 гадоў. Мяне цяжка чымсьці здзівіць. Новы камбайн, безумоўна, больш сучасны і камфортны, што цешыць. Менш давядзецца марнаваць часу на рамонты і наладку. Давядзецца папрацаваць на славу на ўборцы кукурузы, каб даць добрыя вынікі, – атрымаўшы ключы ад новай тэхнікі, падкрэсліў механізатар ААТ «АграБаравінка» Шумілінскага раёна Сяргей Гоманаў.
Калегу падтрымаў Ігар Галай – трактарыст сельгаспрадпрыемства «Чарэйшчына» Лепельскага раёна, які таксама поўны сіл і энергіі апрабаваць у справе новы камбайн.
– З боку дзяржавы мы адчуваем вялікую падтрымку, бо абнаўленне тэхнікі – гэта новыя магчымасці, больш высокая зарплата і імпульс у працы, – адзначыў галоўны інжынер ААТ «Коханава-Агра» Васіль Цыбульскі. – Цяпер магу дакладна сказаць: механізатары нашай гаспадаркі справяцца з нарыхтоўкай сачных кармоў. На двух старых кормаўборачных камбайнах і атрыманым новым, які даверылі трактарысту Андрэю Шэйко, яны справяцца з пастаўленай задачай.
Намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла, напутваючы механізатараў на плённую працу, падкрэсліў, што камбайны закуплены за сродкі рэспубліканскага бюджэту ў падтрымку неплацежаздольных гаспадарак. Каб сельгаспрадпрыемствы нармальна функцыянавалі, трэба штогод абнаўляць 8–10% машынна-трактарнага парку, які налічвае ў вобласці каля 30 тысяч адзінак рознай тэхнікі, у тым ліку 502 кормаўборачныя камбайны. Без новых сельскагаспадарчых машын немагчыма рухацца наперад, выконваць патрабаванні тэхналогіі.
Дарэчы, на базе ААТ «Заходне-Дзвінскі МРС» практыкуецца рэканструкцыя адпрацаванай тэхнікі, што абыходзіцца значна танней, чым купля новай. Пачынаючы з сакавіка, такім чынам увялі ў працоўны строй 20 адзінак сельгастэхнікі. Яшчэ пяць абноўленых кормаўборачных камбайнаў паступяць днямі ў гаспадаркі вобласці.
Для параўнання: кошт кормаўборачнага камбайна ФС–80 складае 470 тыс. руб., а адрэстаўраванага – 50–70 тыс.
Даведка «ВВ». Новая тэхніка паступіла ў такія гаспадаркі, як «Чараішчына» Лепельскага раёна, «Роскі Селец» Аршанскага, «Сцюдзянка» Сенненскага, «Коханава-Агра» Талачынскага, «АграБаравінка» Шумілінскага, «Рубяжніца» Лёзненскага, «Яблынька» Глыбоцкага, «Сцяг Перамогі Агра» Пастаўскага раёнаў.