Восьмы абласны паход актывісты БРСМ прысвяцілі 75-годдзю вызвалення Беларусі

Восьмой областной поход активисты БРСМ посвятили 75-летию освобождения Беларуси
Беларусь памятае загінулых на франтах, закатаваных у фашысцкіх завастэрнях, жывымі спаленых, памерлых ад голаду і холаду – усіх, хто абараніў Радзіму, адстаяў яе свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

– Менавіта ім мы ўдзячныя за сваё жыццё! – не раз сказалі ўдзельнікі восьмага абласнога водна-турыстычнага паходу, якія напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сабраліся на Браслаўшчыне, каб яшчэ раз выказаць сваю падзяку пакаленню пераможцаў.

Браслаў цёпла сустрэў гасцей. Да зборнай каманды, у складзе якой былі актывісты БРСМ з розных раёнаў Віцебшчыны, далучыліся маладыя браслаўчане. Пасля ўрачыстых слоў і напуццяў, невялікага канцэрта гімназістаў, удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянок на брацкую магілу ў гарадскім скверы і сталі рыхтавацца да адплыцця. У наступныя два дні іх чакала насычаная праграма падарожжаў і добрых спраў. Першае – наведванне маленькага вострава на возера Дрывяты, дзе ў першыя дні вайны ўпаў наш самалёт і, як сцвярджаюць старажылы, пахаваны загінулы лётчык.

 

Адна справа – думаць пра тыя падзеі, чытаючы кнігу ці перад экранам тэлевізара, іншая – стаяць на месцы гібелі чалавека, слухаць рэальную гісторыю яго лёсу. Напружыліся твары, зніклі ўсмешкі, юнакі і дзяўчаты застылі, як у ганаровай варце, аддаючы даніну памяці загінуламу лётчыку і тысячам іншых, хто не вярнуўся на свае аэрадромы.

А 22 чэрвеня а 4-й гадзіне лагер разбудзіў сігнал трывогі. Як і іх равеснікі 78 гадоў таму, юнакі і дзяўчаты спешна сабраліся ў строй. Толькі ішлі яны на брацкую магілу ў аграгарадку Ахрэмаўцы, каб успомніць падзеі тых дзён і пакланіцца байцам Чырвонай Арміі, якія загінулі на гэтай зямлі летам 1944-га. «Зорка Перамогі», запаленая ля падножжа абеліска, засвяцілася на досвітку яркімі агеньчыкамі ўдзячнай памяці цяперашніх жывых.

 

На стаянках удзельнікі паходу яшчэ не раз узгадвалі сваіх родных, якія перажылі вайну, іх аповеды пра тыя страшныя гады. Спявалі ваенныя песні – лірычныя і крыху сумныя, яны плылі ад кастроў па ціхай гладзі возера…

 

Каманда мела магчымасць пазнаёміцца з Браслаўскімі азёрамі. Маладыя людзі на байдарках абследавалі акваторыю Дрывятаў, плавалі па Несьпішы і Недраве – дзвюх жамчужынах велізарнай воднай сістэмы, купаліся ў іх чыстай вадзе, загаралі на залатым пяску пляжаў.

Якое ўражанне пра край вы везлі?

Вячаслаў Хрол, першы сакратар Віцебскага ОК ГА "БРСМ":

– Паход у мяне не першы, але менавіта ў гэтым адчуў пачуццё гордасці, трапятання, калі ўсе яго ўдзельнікі ў адзіным парыве прыйшлі 22 чэрвеня а 4-й раніцы да помніка, каб аддаць даніну павагі людзям, якія здабывалі перамогу над ворагам.

Марына Абраменка, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама:

– Плюс гэтага мерапрыемства – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на прыкладзе подзвігаў нашых ветэранаў і фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Таццяна, удзельніца паходу:

– І раней прымалі ўдзел у падобных мерапрыемствах. Гэты паход запомніўся арганізаванасцю і разнапланавасцю праграмы. Мы аддалі дані пашаны загінулым і пазнаёміліся з горадам знутры, знайшлі новых сяброў і прасякнуліся патрыятычным духам гэтых мясцін. Гэта неацэнны досвед, поўны пазітыўных эмоцый. Спадзяемся яшчэ раз пабываць на браслаўскай зямлі – у сэрцы Беларускага Паазер’я. Пакуль жывая памяць, жывыя ў нашых сэрцах і нашы продкі.

АЛЯКСАНДР АЗЕРСКІ, «Віцебскія весці».