Хвалебны ў шатландскіх легендах верасовы мёд пачалі збіраць у Віцебскай вобласці
13 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Верасовы мёд пачалі збіраць у Віцебскай вобласці, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Полата" Лідзія Батура.
Прамысловая пасека на 300 пчаліных сем'яў пачала ў поўную сілу працаваць у гаспадарцы з гэтага года. Асноўным відам яе дзейнасці з'яўляюцца таварная вытворчасць мёду, пылка і іншай прадукцыі пчалярства. Пасека створана ў адпаведнасці з абласной праграмай развіцця пчалярства на 2010-2011 гады. На рэалізацыю праекта з абласнога бюджэту было накіравана каля Br300 млн. Дзякуючы гэтай падтрымцы гаспадарка закупіла элітных пчаліных матак, сучаснае абсталяванне і тэхніку, расказала Лідзія Батура.
Падчас актыўнага цвіцення раслін амаль усе вуллі вывозяцца ў лясы і на лугі, на стацыянарнай пасецы застаюцца толькі 30 пчаліных сем'яў. Такі падыход да справы дазваляе збіраць экалагічна чысты мёд і гарантуе, што ліпавы мёд - сапраўды ліпавы, а верасовы – сапраўдны верасовы, растлумачыла суразмоўніца.
На пасецы летась было ўсяго 75 працоўных пчаліных сем'яў, дзякуючы якім удалося атрымаць больш за 1 т мёду. Нягледзячы на тое, што сёлета надвор'е падвяло пчаляроў - падчас цвіцення асноўных меданосаў стаяла засуха, пчаляры ўжо перавысілі леташні паказчык. Як правіла, мядовыя вынікі пчаляры падводзяць у верасні, але дырэктар прадпрыемства ўпэўнена, што затраты на вытворчасць мёду акупяцца.
На свята мядовага Спаса, які будзе адзначацца 14 жніўня, унікальны па сваіх лячэбных уласцівасцях і апеты ў шатландскіх баладах верасовы мёд гаспадарка прадставіць на спецыялізаваных кірмашах у Віцебску і ў Полацкім раёне.