Аднаўленне двух тарфянікаў пачалося ў Віцебскай вобласці пры падтрымцы ПРААН/ГЭФ

15 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Работы па аднаўленні двух выпрацаваных тарфянікаў пачаліся ў Віцебскай вобласці па праекце ПРААН/ГЭФ "Рэнатуралізацыя і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі для прадухілення дэградацыі зямель, змяненняў клімату і забеспячэння захавання глабальна значнага біялагічнага разнастайнасці". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў супрацоўнік па інфармацыі праектаў ПРААН/ГЭФ Аляксей Чыстадарскі. "Шанс зноў стаць здаровымі балотнымі экасістэмамі з'явіўся ў двух выпрацаваных тарфянікаў у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці", - распавёў спецыяліст. У першых чыслах сакавіка пачаліся будаўнічыя работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на выпрацаваных тарфяных радовішчах Поплаў Мох (414,6 га) і Жаданоўскі Мох (753,3 га). Для гэтага будзе пабудавана 62 земляныя перамычкі на тэрыторыі Поплаў Мох і 89 - на тарфяніку Жаданоўскі Мох, якія перакрыюць дрэнажныя каналы і напоўняць выпрацаваныя ўчасткі вадой. Паўторнае забалочванне дазволіць значна скараціць выкіды ў атмасферу вуглякіслага газу з тарфянікаў. Па ацэнках экспертаў, з тэрыторыі Поплаў Мох у выніку мінералізацыі адкрытых слаёў торфу штогод выдзяляецца 3837 т СО2. Для тэрыторыі Жаданоўскі Мох гэтая лічба складае 5095 т у год. "У выніку паўторнага забалочвання чакаецца спыненне выдзялення вуглякіслага газу і нават яго паглынанне", - адзначыў Аляксей Чыстадарскі. Акрамя таго, павышэнне ўзроўню вады значна скароціць рызыку ўзнікнення тарфяных пажараў. Да паўторнага забалочвання ў засушлівыя гады абедзве тэрыторыі неаднаразова падвяргаліся моцным пажарам. Аднаўленне тарфянікаў прывядзе да з'яўлення тыповых відаў балотнай фаўны, сярод якіх такія птушкі-чырвонакніжнікі, як шэры журавель і змееяд. Будаўнічыя работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму тарфянікаў Поплаў Мох і Жаданоўскі Мох плануецца завяршыць летам 2010 года. Праектная дакументацыя па паўторным забалочванні распрацавана спецыялістамі УП "Белгіправодгас". Усяго ў Беларусі па праекце ПРААН/ГЭФ з 2007 года забалочана 12 выпрацаваных тарфянікаў і парушаных балот агульнай плошчай 25 717 га.-0-