Адноўлены Свята-Успенскі сабор у Віцебску плануецца адкрыць у кастрычніку 2010 года

8 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адноўлены Свята-Успенскі кафедральны сабор у Віцебску павінен адкрыцца ў кастрычніку 2010 года. Такі загад паставіў сёння на пасяджэнні рабочага штаба старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Каб укласціся ў намечаныя тэрміны, да роспісу храма неабходна прыступіць ужо ў пачатку 2010 года, а ўсе будаўніча-мантажныя работы і добраўпарадкаванне завяршыць да ліпеня", - сказаў губернатар. Акрамя таго, след дэталёва прадумаць сістэму асвятлення і падрыхтаваць праект падсветкі. На рэалізацыю ўсіх работ спатрэбіцца больш за Br15 млрд., адзначыў Аляксандр Косінец. Аднаўленне Свята-Успенскага кафедральнага сабора пачалося ў Віцебску ў 2000 годзе. На гэтыя мэты ўжо асвоена каля Br11 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама" Аляксандр Бут-Гусаім. Аб'ём работ выкананы больш чым напалову: гатова цагляная муроўка, пракладзены ўсе ўнутраныя і знешнія інжынерныя сеткі, устаноўлены аконныя блокі, купалы з пакрыццём пад золата. Заказчыкам аб'екта выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама, падрадчык будаўніцтва - ААТ "Будаўнічы трэст №9 г.Віцебска". Фінансаванне вядзецца з абласнога бюджэту. Самы вялікі храм Віцебска ўзводзіцца на высокім беразе Заходняй Дзвіны, на тым самым месцы, дзе стаяў старадаўні храм, пабудаваны яшчэ ў XVIII стагоддзі і разбураны ў 30-я гады XX стагоддзя. Архітэктарам і будаўнікам давялося нямала папрацаваць у архівах, каб узнавіць копію аднаго з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі. Пасля свайго адкрыцця храм стане адным з галоўных упрыгожанняў гістарычнай часткі Віцебска.-0-