Уцягненне другасных рэсурсаў у абарот стане найважнейшым напрамкам дзейнасці эколагаў у Год беражлівасці

Уцягненне другасных рэсурсаў у абарот стане адным з асноўных напрамкаў дзейнасці эколагаў у Год беражлівасці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Галіна Ваўчанка, якая прымае ўдзел у пасяджэнні калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Для Мінпрыроды беражлівасць - гэта перш за ўсё захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Аднак не менш важнай з'яўляецца праца па ўцягненні другасных рэсурсаў у абарот, падкрэсліла намеснік міністра. "Рэалізацыя ўказа №313 для Мінпрыроды, Мінжылкамхоза і аблвыканкамаў будзе асноўнай задачай у бягучым годзе. Яе выкананне павінна прывесці да рэальных і сур'ёзных вынікаў", - упэўнена Галіна Ваўчанка.

Яна таксама нагадала, што 2013 год, які праходзіць пад старшынствам Беларусі ў СНД, аб'яўлены ў Садружнасці Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя. Таму для беларускіх эколагаў асаблівае значэнне будуць мець напрамкі ў рэалізацыі праектаў у галіне экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя.

Указ №313 ад 11.07.2012 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання" уводзіць прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў пластмасавай, шкляной, папяровай тары, а таксама складанай бытавой тэхнікі, элементаў сілкавання, змазачных алеяў, асвятляльных прылад і іншага за збор, абясшкоджванне і/або выкарыстанне адходаў, якія ўтвараюцца пасля страты спажывецкіх уласцівасцей тавараў і тары. Сутнасць "пашыранай адказнасці вытворцы", упершыню прынятай у Швецыі і пазней замацаванай у актах Еўрапейскай супольнасці (ЕС) і іншых краінах свету, заключаецца ў тым, што вытворцы тавараў, у тым ліку імпарцёры, абавязаны несці адказнасць за вырабленыя тавары па заканчэнні іх жыццёвага цыклу, гэта значыць за адходы, якімі з'яўляюцца самі тавары пасля іх спажывання.

БЕЛТА