Распачата конкурсная вытворчасць па справе аб банкруцтве РВУП "Мегам"
4 мая, Віцебск /Сяргей Кочатоў - БЕЛТА/. Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці прыняў рашэнне аб адкрыцці конкурснай вытворчасці па справе аб банкруцтве рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства (РУВП) "Мегам", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА суддзя Віктар Шыльчонак.
Справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) "Мегома" была ўзбуджана ў лютым 2009 года па ініцыятыве самога прадпрыемства. "Мегам" фактычна не ажыццяўляе вытворча-гаспадарчую дзейнасць, у асноўным займаецца распродажам раней вырабленай прадукцыі. Па стане на 1 снежня 2008 года крэдыторская запазычанасць прадпрыемства склала звыш Br2 млрд., а кошт яго актываў на момант падачы заявы ў суд ацэньваўся ў Br513 млн.
Па папярэднім заключэнні дэпартамента па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі Беларусі РУВП "Мегам" прызнана ўстойліва неплацежаздольным. Акрамя таго, калегія Міністэрства прамысловасці, якое выступае ўласнікам прадпрыемства, прызнала неэфектыўным прыняцце мер па яго дасудовым аздараўленні.
Па выніках ахоўнага перыяду і на падставе аналізу фінансавага стану і плацежаздольнасці прадпрыемства суд прыйшоў да высновы аб наяўнасці падстаў для ўзбуджэння конкурснай вытворчасці ў дачыненні да даўжніка. Прызначаны антыкрызісны кіраўнік, які абавязваецца правесці аналіз фінансавага стану прадпрыемства для вызначэння магчымасці аднаўлення яго плацежаздольнасці, сфарміраваць спіс крэдытораў і рэестр патрабаванняў крэдытораў. Акрамя таго, судом прызначана экспертыза фінансава-гаспадарчай дзейнасці "Мегома". Па выніках конкурснай вытворчасці будзе прымацца рашэнне аб правядзенні банкруцтва з санацыяй або ліквідацыі прадпрыемства.
РУВП "Мегам" утворана ў 1968 годзе і спецыялізавалася на вытворчасці рэзістараў. Пасля далучэння да вытворчага аб'яднання "Маналіт" у 1971 годзе на "Мегоме" быў асвоены выпуск кандэнсатараў для прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу СССР. У 1997 годзе ў сувязі з спыненнем закупак прадукцыі "Мегам" быў выведзены са складу ВА "Маналіт" і пачаў спецыялізавацца на выпуску тавараў народнага спажывання. У 2008 годзе аб'екты нерухомасці "Мегома" былі бязвыплатна перададзены канцэрну "Белбиофарм" для арганізацыі фармацэўтычнай вытворчасці ў Віцебску. Колькасць работнікаў прадпрыемства складае 22 чалавекі.-0-