Узбуджана крымінальная справа па факце гібелі трох чалавек пры абрушэнні фермы ў Верхнядзвінскім раёне
18 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пракуратура Верхнядзвінскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу па факце абвальвання даху былой фермы ў Верхнядзвінскім раёне, што пацягнула гібель трох чалавек, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор раёна Сяргей Стурын.
Крымінальная справа ўзбуджана па частцы 2 арт. 303 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека", якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.
Як паведамлялася, трагедыя здарылася 17 студзеня ў вёсцы Дубровы на былой жывёлагадоўчай ферме сельгаспрадпрыемства "Коханавічы". У выніку абвальвання даху пры дэмантажы будынка загінулі тры работнікі будаўнічай брыгады сельгаспрадпрыемства, яшчэ тры спецыялісты атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу. Іх стан ацэньваецца як стабільны.
Будуць устанаўлівацца ўсе абставіны трагедыі, а таксама вінаватыя службовыя асобы. Крымінальная справа прынята да вытворчасці следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці.-0-