Паветрана-дэсантныя войскі Беларусі адзначаюць сёння Дзень дэсантніка
Гісторыя паветрана-дэсантных войскаў пачынаецца 2 жніўня 1930 года: у гэты дзень на вучэннях Ваенна-паветраных сіл Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам было дэсантавана на парашутах падраздзяленне ў складзе 12 чалавек.
Баявое дэсантнае брацтва — гэта пачуццё локця ў агульным страі, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, прыкрыць сабой ад кулі таварыша, ухапіўшыся за стропы, трымаць пагаслы купал сябра-дэсантніка. Гэта ні з чым непараўнальнае пачуццё яднання дэсантнікаў усіх пакаленняў, ад пабялелых ад сівізны воінаў-франтавікоў да безусых хлапчукоў, якія толькі што здзейснілі свой першы скачок з парашутам.
Свята ў гарадах Беларусі — Мінску, Брэсце, Віцебску — адзначана многімі мерапрыемствамі: праходзяць урачыстыя пастраенні, мітынгі з удзелам ветэранаў, прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый. Воіны-дэсантнікі дэманструюць свае навыкі ў скачках з парашутам, паказальных выступленнях, праводзяцца паказы ваеннай тэхнікі і ўзбраення мабільных войскаў. У гарнізонах праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і паветрана-дэсантных войскаў, выступаюць ваенныя аркестры, разведвальна-дэсантныя роты, спартсмены-парашутысты.
Асаблівая старонка ў гісторыі беларускіх паветрана-дэсантных войскаў — удзел 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння (сфарміраванага на базе 5-й брыгады спецназа) у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан. Сотні дэсантнікаў былі ўдастоены ордэнаў і медалёў, сямярым прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь былі ўтвораны мабільныя сілы. Дэсантнікі з гонарам выконваюць свой воінскі абавязак, працягваюць слаўныя традыцыі дзядоў і бацькоў, застаюцца сапраўднымі патрыётамі Айчыны.
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню дэсантнікаў:
- канцэртная праграма (Летні амфітэатр – філіял ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск»)
- дзень адкрытых дзвярэй, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, дабрачынныя экскурсіі для дзяцей ветэранаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў (УК «Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў»)