Паветраабрыўны футбольны манеж адкрыты ў Віцебску
Надзіманая альтанка з'явілася побач з цэнтральным спартыўным комплексам. Пад купалам размешчана поўнапамернае футбольнае поле са штучным пакрыццём. Унутры праведзены электрычнасць і газазабеспячэнне, што дазваляе тут трэніравацца ў халодную пару года, калі надвор'е не дазваляе займацца на вуліцы.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які прыняў удзел у адкрыцці манежа, адзначыў, што ў іншых гарадах падобныя канструкцыі будаваліся асобна, у Віцебску ж прынялі рашэнне размясціць яе на базе спорткомплекса, і праз галерэю, не выходзячы на вуліцу, можна трапіць у асноўны будынак ЦСК, дзе знаходзяцца трэнажорная зала, кафэ, гасцініца, раздзявалкі.
– Дадзены аб'ект – доказ таго, што мы пастаянна павінны рухацца наперад і ствараць новыя ўмовы для развіцця ва ўсіх сферах, – падкрэсліў кіраўнік вобласці і дадаў, што ў Віцебску плануецца пабудаваць яшчэ іншыя спартыўныя аб'екты, каб будучыя чэмпіёны мелі магчымасць праяўляць свае здольнасці.
Штучнае пакрыццё поля ўкладвалі спецыялісты з Мінска, а сам купал узводзілі прадстаўнікі Славеніі. У асноўным манеж плануецца выкарыстоўваць для трэніровак. Акрамя асноўнай каманды, дублёраў і ДЮСШ ФК «Віцебск», тут будуць удасканальваць майстэрства выхаванцы футбольнай акадэміі, якая адкрылася ў мінулым годзе.
-- У Віцебскай вобласці футбол развіваецца добрымі тэмпамі. ФК «Віцебск» летась выступаў у Лізе Еўропы УЕФА, на стадыёне праходзіў фінал Кубка Беларусі. У складзе нацыянальнай зборнай гуляюць тры выхаванцы віцебскага футбола. Новы манеж дазволіць рыхтаваць гульцоў высокага ўзроўню, галоўная каманда зможа праводзіць зімовыя зборы тут, а не выязджаць у паўднёвыя краіны і марнаваць валюту. У планах федэрацыі пабудаваць два паўнавартасных поля з штучным пакрыццём у СДЮШАР «Камсамолец» і ДЮСШ ФК «Віцебск». Акрамя таго, хутка з'явяцца новыя палі ў Оршы і Полацку, – адзначыў першы намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Юрый Вергейчык, які прыехаў на цырымоніі адкрыцця спартыўнага збудавання з падарункамі – футбольнымі мячамі.
Не з пустымі рукамі прыйшлі і іншыя госці. Юныя футбалісты атрымалі новыя трэнажоры ад гарвыканкама, заплечнікі са спартыўнай экіпіроўкай ад ФК «Віцебск». Апрабавалі поле гульцы з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, папрасіўшы першым ударыць па мячы Мікалая Шарснёва.
У цырымоніі адкрыцця манежа прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін і іншыя ганаровыя госці.