Нямецкія бізнесмены разглядаюць магчымасць развіцця прамысловай кааперацыі ў Віцебску
20 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Магчымасць развіцця прамысловай кааперацыі разглядаюць нямецкія бізнесмены на міжнародным інавацыйна-інвестыцыйным форуме "Інавацыйны бізнес - інвестыцыі ў будучыню" у Віцебску, расказаў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусцінскі.
Ён лічыць існуючыя беларуска-германскія адносіны ў эканамічнай сферы даволі развітымі. "У Беларусі і Германіі дасягнуты высокі ўзровень эканамічных адносін. Германія з'яўляецца найважнейшым партнёрам Беларусі ў краінах далёкага замежжа і пастаўшчыком інавацыйных тавараў: абсталявання, тэхналогій", - сказаў Уладзімір Аўгусцінскі.
Нямецкія кампаніі маюць намер і ў далейшым супрацоўнічаць з беларускімі прадпрыемствамі. Так, на форум у Віцебск прыехалі прадстаўнікі фірмаў, якія займаюцца арганізацыяй вытворчасці па перапрацоўцы адходаў, а таксама пастаўшчыкі абсталявання для нафтаперапрацоўкі. "Яшчэ адной кропкай сутыкнення беларускага і нямецкага бізнесу можа стаць прамысловая кааперацыя", - упэўнены Уладзімір Аўгусцінскі. Прадстаўнікі нямецкіх дзелавых колаў маюць намер прыняць удзел у кантактна-кааперацыйнай біржы.
Удзельнікамі інвестыцыйнага форуму, які праходзіць у Віцебску 20-21 мая, сталі больш як 200 прадстаўнікоў дзелавых колаў з 12 краін свету. На разгляд патэнцыяльных інвестараў прадстаўлена звыш 150 новых прапаноў. Прыярытэтнымі напрамкамі сталі інавацыйныя тэхналогіі ў галіне лагістыкі, энергазберажэння, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, машынабудавання, фармацэўтыкі, турызму.
У час форуму плануецца правядзенне навукова-практычнай выстаўкі інавацыйных і інвестыцыйных праектаў "Навука. Інавацыі. Інвестыцыі", прэзентацыя прыярытэтным праектаў, кантактна-кааперацыйная біржа, наведванне прадпрыемстваў і інвестыцыйных пляцовак. Інвестары атрымаюць магчымасць азнаёміцца з ужо паспяхова рэалізаванымі на тэрыторыі вобласці праектамі, пагутарыць з бізнесменамі, якія вядуць інвестыцыйную дзейнасць у вобласці.-0-