Магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне энергазберажэння будуць абмяркоўвацца на канферэнцыі ў Полацку
27 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Магчымасці супрацоўніцтва беларускіх гарадоў і рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕІДП) у галіне энергазберажэння будуць абмяркоўвацца 27-28 чэрвеня на міжнароднай канферэнцыі "Ад энергазберагальнага дома – да энергаэфектыўнага горада!" у Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме.
Канферэнцыя пройдзе ў рамках Дзён энергетыкі і стане завяршальным мерапрыемствам праекта Еўрапейскага саюза SURE у Беларусі. У ходзе работы міжнароднай канферэнцыі адбудзецца абмен вопытам і пашырэнне супрацоўніцтва паміж Полацкам, гарадамі Беларусі і рэгіёна ЕІДП у галіне ўстойлівага энергетычнага планавання і энергазберажэння. Удзельнікі канферэнцыі азнаёмяцца з палітыкай Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза ў галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, зместам і перспектывамі еўрапейскай ініцыятывы Пакта мэраў, магчымасцямі атрымання фінансавання на праекты ў галіне энергазберажэння ад міжнародных арганізацый і фінансавых інстытутаў. Прадстаўнікі Полацка, які стаў першым беларускім удзельнікам Пакта мэраў, раскажуць аб выніках праекта SURE, афіцыйна прадставяць пілотнае мерапрыемства праекта, якім стала ўстаноўка святлодыёдных свяцільнікаў на цэнтральным праспекце Францыска Скарыны, а таксама падзеляцца вопытам па ўдзеле ў Пакце мэраў і распрацоўцы Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця з іншымі гарадамі Усходняга рэгіёна ЕІДП.
У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь, мясцовых органаў кіравання з Беларусі, Германіі, Арменіі, Грузіі, Азербайджана і Малдовы, Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, праекта Еўрапейскай камісіі "Пагадненне мэраў-Усход", Асацыяцыі энергаэфектыўных гарадоў Украіны, устаноў і грамадскіх арганізацый Беларусі.
Праект "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства – на шляху да Пакта мэраў" рэалізоўваўся ў рамках праграмы ЕС CIUDAD. Праект працягваўся 30 месяцаў, яго бюджэт складаў каля 790 тыс. еўра. Праект закліканы спрыяць устойліваму развіццю энергетыкі ў двух гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕІДП) – Полацку і Сале (Марока) – шляхам іх далучэння да Пакта мэраў і прыняцця на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта стратэгіі – скарачэнне выкідаў СО2 на 20%, павелічэнне долі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і змяншэнне энергаспажывання на 20% да 2020 года. Партнёрамі праекта з'яўляюцца адміністрацыя горада Фрыдрыхсхафен (Германія), адміністрацыя горада Мурсія (Іспанія), Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт, адміністрацыя горада Сале (Марока) і Міжземнаморская камісія Канферэнцыі марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя).-0-