Магчымасці ўкаранення "Зялёных маршрутаў" у Віцебскай вобласці будуць абмеркаваны 15 мая на семінары
11 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Семінар па мясцовых стратэгіях устойлівага развіцця і экалагічных турыстычных маршрутах Віцебскай вобласці арганізуе 15 мая ў абласным цэнтры Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Праграмай развіцця ААН у Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна.
Асноўнымі мэтамі мерапрыемства з'яўляюцца павышэнне дасведчанасці аб прынцыпах устойлівага развіцця, аб Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2020 года, аб мясцовых стратэгіях устойлівага развіцця ("Мясцовых парадках-21") і экалагічных турыстычных маршрутах ("Зялёных маршрутах").
Семінар пройдзе з удзелам прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў аблвыканкама, раённых выканкамаў, а таксама турыстычных прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый.
Удзельнікі будуць абмяркоўваць магчымасці выкарыстання распрацоўкі мясцовых стратэгій, а таксама "Зялёных маршрутаў" для сацыяльна-эканамічнага і экалагічнага развіцця тэрыторый. Акрамя таго, плануецца вызначыць шэраг рэгіёнаў у Віцебскай вобласці, якім у перспектыве можа быць аказана кансультацыйная, інфармацыйная і фінансавая падтрымка ў рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.
Семінар пройдзе ў рамках праекта ПРААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні", які рэалізуецца сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі.-0-