Упершыню сцягі Віцебска і вобласці будуць узняты на ўрачыстасцях у абласным цэнтры ў Дзень Незалежнасці

30 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Качавет - БЕЛТА/. Каля 20 тыс. віцябчан стануць удзельнікамі ўрачыстага шэсця ў Віцебску 3 ліпеня, прысвечанага Дню Незалежнасці і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы гарвыканкама. Упершыню мерапрыемства пройдзе пад сцягамі Віцебскай вобласці і Віцебска, якія будуць узняты ў эпіцэнтры ўрачыстасцей на плошчы Перамогі. У абласным цэнтры ўрачыстасці пачнуцца з ускладання вянкоў і кветак да Вечнага агню ля Манумента воінам-вызваліцелям. Пасля завяршэння цырымоніі адбудзецца мітынг з удзелам кіраўнікоў вобласці і горада, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзевых арганізацый, навучальных устаноў. Воінскія ўшанаванні аддадуць вайскоўцы часцей Віцебскага гарнізона, пасля чаго пачнецца самы маштабны этап праграмы ўрачыстасцей - шэсце калон грамадскасці, якое ўзначаляць Ганаровыя грамадзяне Віцебска і заслужаныя жыхары абласнога цэнтра. Кожная з калон будзе мець свае асаблівасці як у тэматычным афармленні, так і па складзе ўдзельнікаў. У сувязі з праходжаннем шэсця рух у цэнтры Віцебска будзе абмежаваны. У гэты дзень святочныя забаўляльныя мерапрыемствы пройдуць на ўсіх канцэртных пляцоўках і ў паркавых зонах абласнога цэнтра. Адметнасцю праграмы стане воднае шоу пад назвай "На працягу стагоддзяў", прысвечанае 65-годдзю вызвалення Беларусі і 1035-годдзю Віцебска. Падобнае свята ўпершыню будзе арганізавана ў парку на беразе ракі Віцьба. Перад віцяблянамі і гасцямі горада паўстануць падзеі з багатай і няпростай гісторыі роднага Віцебска, рэканструяваныя сіламі творчых калектываў абласнога цэнтра. Фінальны святочны канцэрт адбудзецца ў Летнім амфітэатры, пад заслонай якога артысты беларускай эстрады і мастацкіх калектываў вобласці разам з гледачамі стануць удзельнікамі акцыі "Заспяваем гімн разам!". На апошніх акордах гімна будзе дадзены салют і маляўнічы феерверк.-0-