Упершыню гісторыя адной з беларускіх партызанскіх брыгад выдадзена асобнай кнігай
1 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Гісторыя 4-й Беларускай партызанскай брыгады стала асновай аднайменнага дакументальнага выдання, падрыхтаванага дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці і Нацыянальным архівам Беларусі. Як паведаміла сёння на прэзентацыі кнігі дырэктар абласнога архіва Таццяна Свістунова, такі праект ажыццёўлены ўпершыню айчыннымі архівістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кніга падрыхтавана ў рамках серыі дакументальных публікацый "Памяць Віцебшчыны", якая рэалізуецца віцебскімі архівістамі сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі. Арыгінальнасць выдання складаецца ў тым, што аснову публікацыі складае ўсяго адзін дакумент, які так і называецца - "Гісторыя 4-й Беларускай партызанскай брыгады". У шматграневым дакуменце адлюстравана гісторыя адной з 13 партызанскіх брыгад, якія дзейнічалі на тэрыторыі Віцебскай вобласці (па стане на ліпень 1944 года). Дакументальная крыніца змяшчае звесткі аб стварэнні брыгады, яе складзе і структуры, месцах дыслакацыі, узаемадзеянні з Чырвонай арміяй і з "вялікай зямлёй". Выданне суправаджаецца публікацыяй факсімільных копій газет, улётак, партызанскіх насценгазет і баявых лісткоў. Акрамя таго, прыводзіцца спіс з 229 загінулых партызан брыгады.
Значная ўвага надаецца апісанню канкрэтных баявых аперацый брыгады, асобныя з іх праілюстраваны схематычнымі малюнкамі. У кнізе змяшчаюцца даныя аб карных аперацыях, якія праводзіліся акупацыйнымі войскамі супраць падраздзяленняў брыгады. Асаблівую цікавасць выклікаюць апісанні ваеннай, палітычнай і эканамічнай абстаноўкі ў раёне дзеяння брыгады, а таксама апісанне становішча ў раёне пасля яго акупацыі нямецка-фашысцкімі войскамі.
4-я Беларуская партызанская брыгада ўтворана ў чэрвені 1942 года, налічвала ў пэўныя перыяды да 1 тыс. чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Гарадоцкага, Расонскага, Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Яе гісторыя дае магчымасць праілюстраваць развіццё партызанскага руху як ва ўсходняй, так і ў заходняй частках сучаснай Віцебскай вобласці, адзначыла Таццяна Свістунова.
У гады германскай акупацыі на беларускай зямлі вялі супраціўленне звыш 374 тыс. чалавек, аб'яднаных у звыш 1,2 тыс. атрадаў (997 з іх уваходзілі ў склад 213 брыгад і палкоў, а 258 атрадаў змагаліся самастойна). Толькі на Віцебшчыне ў барацьбу з акупантамі ўступілі звыш 100 тыс. жыхароў. У канцы 1943 года партызанскія злучэнні кантралявалі 108 тыс. кв.км, або 58,4% акупаванай тэрыторыі Беларусі.-0-