Упершыню на галоўную елку Віцебскай вобласці прыехалі 1,5 тыс. дзяцей

24 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Упершыню запрашэнне на галоўную ёлачку Віцебскай вобласці атрымалі 1,5 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак з самых розных куточкаў Прыдзвінскага краю, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сярод іх выдатнікі вучобы, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, пераможцы рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і розных спартыўных спаборніцтваў, дзеці з шматдзетных сем'яў, выхаванцы дзіцячых дамоў. Прыкладна дзве траціны ўсіх удзельнікаў "губернатарскай ёлкі" прыехалі з раённых цэнтраў і вёсак яшчэ 23 снежня. Для іх была арганізавана экскурсія па перадсвяточным Віцебску. Маленькія госці горада пабывалі на галоўнай гарадской ёлцы на плошчы Перамогі і дапамаглі Дзяду Марозу запаліць на лясной прыгажуні тысячы агеньчыкаў. Свята прадоўжылася сёння ў Лядовым палацы, дзе юных жыхароў вобласці з надыходзячым Новым годам і Калядамі павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Ён адзначыў, што дзяржава сваёй галоўнай мэтай лічыць дабрабыт чалавека і будзе ствараць умовы для самарэалізацыі кожнага грамадзяніна. "Дарослыя, вашы бацькі нямала папрацавалі ў мінулым годзе, каб наша краіна стала яшчэ багацейшай і прыгажэйшай. Але перад дарослымі стаяць больш напружаныя планы, і дапамагчы ім павінны вы, іх дзеці, сваёй добрай вучобай, сваімі талентамі", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Ён падзякаваў юных жыхароў вобласці, якія ўжо ўнеслі свой уклад у праслаўленне роднага краю – гэта 219 лаўрэатаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 90 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд. Губернатар таксама выказаў удзячнасць іх педагогам. Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Косінец сказаў, што мэта правядзення такіх святаў – паказаць дзецям, як цудоўная краіна, у якой яны жывуць, як тут цэняць і паважаюць чалавека працы. "Пройдзе яшчэ няшмат часу, і цяперашнія ўдзельнікі свята вырастуць і так жа, як іх бацькі, будуць рабіць нашу Беларусь яшчэ лепшай", - перакананы Аляксандр Косінец. У Віцебскай вобласці на падрыхтоўку навагодніх святаў для дзяцей выдзелена каля Br400 млн. Сродкі накіраваны на набыццё падарункаў для дзяцей-сірот дзіцячых дамоў, выхаванцаў дзіцячых дамоў, прыёмных і апекунскіх сем'яў, паездку дзіцячай дэлегацыі рэгіёну на навагодні свята ў Мінск, а таксама на правядзенне абласнога навагодняга свята. У Віцебскай вобласці, як і ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны, ужо вядзецца актыўная падрыхтоўка да сустрэчы самага чаканага зімовага свята. Абласны камітэт БРСМ даў старт сваім традыцыйным акцыям "Твары дабро", "Нашы дзеці!", "У Новы год – з добрым сэрцам!", "Падзяліся цяплом душы сваёй", накіраваным на аказанне дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў спецыялізаваных установах адукацыі, у бальніцах, выхоўваюцца ў шматдзетных і малазабяспечаных сем'ях. Дабрачынныя перадсвяточныя акцыі правядзе абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын. -0-