Упершыню п'есу "Рамэо і Джульета" паставяць на беларускай мове ў Віцебску
У чацвер, 22 мая, Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа запрашае на прэм'еру. Знакамітую шакспіраўскую п'есу «Рамэо і Джульета» паставіў вядомы расійскі рэжысёр Валерый Беляковіч.
Стваральнік маскоўскага Тэатра на Паўднёвым Захадзе, народны артыст Расіі прызнаўся, што даўно марыў паставіць спектакль у нашай краіне.
– Я беларус, бацька родам з Пінскага раёна. У дзяцінстве часта ездзіў у вёску, дзе жылі мае продкі, чуў беларускую мову. Яна вельмі пяшчотная, паэтычная. Даўно не бываў на радзіме, але генетычна ўва мне закладзена нацыянальнае самасвядомасць. Вельмі хачу прывезці віцебскі спектакль у Маскву, каб там пачулі, як гучыць Шэкспір на беларускай мове, – сказаў Валерый Раманавіч, з якім мы сустрэліся напярэдадні прэм'еры.
Рэжысёр першапачаткова вырашыў, што будзе ставіць у Віцебску «Рамэо і Джульету». Ён працаваў над гэтай п'есай з тэатральнымі трупамі розных краін, але кожны раз атрымліваецца новы аўтарскі спектакль. Пастаноўшчык высока ацаніў коласаўскіх акцёраў:
– Трупа выдатная, яна пераўзышла мае чаканні. У моладзі цудоўны нюх, артысты старэйшага пакалення – працаўнікі, без ганару. Пра такіх артыстаў любы рэжысёр можа толькі марыць!
Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць маладыя акцёры Юлія Цвікі і Раман Салаўёў. У пастаноўцы заняты заслужаныя артысты Таццяна Ліхачова, Тамара Скворцова, Вячаслаў Грушоў, а таксама Віктар Дашкевіч, Алена Шарэпчанка і іншыя, якія прадстаўляюць дзве варагуючыя сям'і Мантэкі і Капулеці.
– Калі я рэпетыраваў спектакль, узгадваў падзеі ў Адэсе. Адкуль такая варожасць?! Сёння шэкспіраўскія словы гучаць так жа актуальна, як сотні гадоў таму. Звяртаючыся да гэтага аўтара XVI стагоддзя, можна знайсці паралелі ў сучасным жыцці. Шэкспір – гэта тэатральная Біблія, я яго адчуваю, і мне лёгка яго ставіць, – адзначыў рэжысёр.
У скарбонцы Валерыя Беляковіча больш за 30 пастановак па п'есах вялікага англічаніна. За цыкл спектакляў «Шэкспір на мяжы стагоддзяў» яго ўдастоілі прэміі ўрада Расійскай Федэрацыі ў галіне культуры. Велізарнай папулярнасцю карыстаюцца пастаўленыя рэжысёрам спектаклі «Рамэо і Джульета» і «Гамлет» у Японіі.
– Там амаль у кожным горадзе ёсць сад Шэкспіра, стаяць фігуркі герояў. Гэта аўтар для ўсіх народаў і на ўсе часы. Няма такога пытання ў жыцці, якое б драматург не закранаў, – перакананы Валерый Раманавіч.
Як прагучыць Шэкспір у трактоўцы расійскага майстра на коласаўскай сцэне, аматарам тэатра стане вядома зусім хутка. А менш чым праз два месяцы на «Славянскім базары ў Віцебску» змогуць убачыць яшчэ адну працу рэжысёра – спектакль «Дуракі» ў выкананні артыстаў Тэатра на Паўднёвым-Захадзе. У праграму «Тэатральных сустрэч» на фестывалі ўвайшла таксама пастаноўка маскоўскай трупы, ажыццёўленая вучнем Валерыя Беляковіча Алегам Леўшыным – «Любоў і галубы».
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"