Упершыню пасля 38-гадовага перапынку ў Віцебску дэманструецца "Партрэт Марка Шагала" пэндзля яго настаўніка Юдэля Пэна

7 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Упершыню з 1974 года ў Віцебску дэманструецца "Партрэт Марка Шагала" пэндзля яго настаўніка Юдэля (Юрыя) Пэна. Выстава адной карціны адкрылася сёння ў мастацкім музеі - філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, у гонар 125-годдзя Марка Шагала, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Партрэт Марка Шагала" - адна з самых вядомых і тыражаваных работ Юдэля Пэна, цяпер захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. З моманту рээвакуацыі даваеннай галерэі Пэна з Саратава (па распараджэнні Віцебскага аблвыканкама) у Віцебск, а затым пераезду вернутай калекцыі ў Мінск, партрэт экспануецца ў Віцебску другі раз. У Пэна было нямала вучняў, якія сталі знакамітымі мастакамі, але ніхто з іх не пераўзышоў славу Марка Шагала. Яго партрэт Юдэль Пэн напісаў у 1914 годзе, калі за плячымамі Шагала засталіся гады працы і вучобы ў Парыжы, адбылася першая персанальная выстава ў Берліне, прыйшла еўрапейская вядомасць. На партрэце 27-гадовы Шагал выяўлены ў шыракаполым капелюшы з палітрай - такі сабе багемны парыжскі мастак, але разумныя сумныя вочы гавораць, што за падманлівай знешнасцю хаваецца ўсё той жа тонкі рамантык, закаханы ў жыццё, якім ён, верагодна, назаўжды застаўся ў памяці свайго настаўніка. Разам з карцінай у выставачнай зале суседнічае экспазіцыя, якая ўключае сапраўдныя дакументы з фонду абласнога краязнаўчага музея: паштоўка з лістом Шагала да Пэна з Парыжа 1937 года, пасведчанне, выдадзенае ў 1918 годзе Пэну за подпісам камісара пададдзела мастацтва аддзела народнай адукацыі Шагала, а таксама іншыя архіўныя матэрыялы. Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея знаходзяцца 183 жывапісныя і графічныя работы настаўніка Шагала, частка калекцыі Пэна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.-0-