Упершыню прэтэндэнты на званне "Настаўнік года Віцебскай вобласці" дадуць майстар-класы

8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Абласны фінал рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года" пройдзе з 11 па 16 красавіка ў Віцебску з удзелам дваццаці шасці педагогаў, якія сталі пераможцамі раённых і гарадскіх адборачных тураў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пераможца фіналу і два лаўрэаты конкурсу атрымаюць права прадстаўляць вобласць на заключным этапе конкурсу ў Мінску. Сёлета на шляху да перамогі канкурсантам трэба будзе вытрымаць сур'ёзныя выпрабаванні. Ужо на пачатковых этапах склалася жорсткая канкурэнцыя - у адборачных турах прынялі ўдзел каля 1,5 тыс. настаўнікаў. Педагогі, якія прайшлі ў фінал, уступілі ў спаборніцтва завочна - адным з конкурсных мерапрыемстваў фіналу з'яўляецца завочны тур, падчас якога журы ацэньвае прадстаўленыя адукацыйныя праекты, іх аўтарскія дыдактычныя сістэмы і відэаўрокі. Затым у вочным спаборніцтве ўдзельнікі прадэманструюць сілу інтэлекту, тэхналагічнасць сваёй дзейнасці, лідарскія якасці ў конкурсах "Творчае самапрадстаўленне", "Псіхолага-педагагічнае тэсціраванне", "Адкрыты ўрок". Па выніках гэтых выпрабаванняў будуць адабраны трынаццаць педагогаў, якія працягнуць барацьбу за галоўны прыз. Упершыню сёлета ў конкурсныя мерапрыемствы ўключаны "Майстар-клас", а таксама конкурс "Прадстаўленне і абарона аўтарскага педагагічнага вопыту", які стане суперфіналам абласнога этапу "Настаўнік года" і пройдзе з удзелам усяго шасці канкурсантаў, галоўных прэтэндэнтаў на званне "Настаўнік года Віцебскай вобласці-2011". Пашырэнне зместавай часткі конкурсных заданняў дае магчымасць прад'явіць паглыбленыя патрабаванні да ўдзельнікаў, якія павінны зарэкамендаваць сябе яркімі, творчымі асобамі і ў перспектыве ўнесці ўклад у развіццё навукі і педагагічнай практыкі, адзначылі арганізатары. Сёлета сярод удзельнікаў абласнога фіналу конкурсу пяць настаўнікаў пачатковай школы, чатыры настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства, па тры выкладчыкі геаграфіі, біялогіі і хіміі, фізікі і астраноміі. Фіналістамі сталі пяць педагогаў мужчын, стаж працы ўдзельнікаў фіналу складае ад 3 да 27 гадоў. Арганізатарамі абласнога фіналу конкурсу "Настаўнік года" выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама і Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.-0-