Упершыню працы больш чым паўсотні майстроў склалі адзіную экспазіцыю "Мастакі Віцебска XX-XXI стагоддзяў".

17 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Упершыню ў Віцебскім мастацкім музеі будуць прадстаўлены работы больш як паўсотні майстроў на выстаўцы "Мастакі Віцебска канца XX - пачатку XXI стагоддзяў", якая адкрыецца 18 сакавіка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў адміністрацыі музейнай установы. У 2011 годзе спаўняецца 115 гадоў з дня заснавання ў Віцебску мастацкай студыі Юдаля Пэна, якая паклала пачатак Віцебскай мастацкай школе. У даніну памяці вялікага беларускага мастака віцебскія прызнаныя майстры і маладыя мастакі аб'ядналіся і прадставілі больш за сотню сваіх работ, створаных у XXI стагоддзі. Экспазіцыя займае ўвесь трэці паверх мастацкага музея, які ператварыўся ў велізарную творчую прастору, што сакумулюе ў сабе лепшы творчы патэнцыял сучаснай віцебскай мастацкай школы. Асноўнай мэтай выстаўкі, якая арганізавана па ініцыятыве старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца, з'яўляецца дэманстрацыя дасягненняў сучаснага перыяду і творчага шляху развіцця Віцебскай мастацкай школы, якая і сёння з'яўляецца адным з найярчэйшых з'яў беларускай культуры. У пачатку ХХ стагоддзя Віцебск стаў адной з найбуйнейшых у свеце лабараторый сучаснага мастацтва, архітэктуры і дызайну. Горад увайшоў у гісторыю як адзін з цэнтраў сучаснага авангарда, а паняцці "Віцебская мастацкая школа" і "Віцебскі рэнесанс" да сённяшняга дня прыцягваюць даследчыкаў з усяго свету. За гэтыя гады атрымала развіццё і грамадская арганізацыя мастакоў на Віцебшчыне, ля вытокаў якой стаялі 3 чалавекі. Сёння абласная арганізацыя Беларускага саюза мастакоў аб'ядноўвае больш за 100 майстроў, якія творча і таленавіта прадстаўляюць такія віды мастацтва, як жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.-0-