Упершыню з 1993 года Віцебск выходзіць на станоўчы натуральны прырост насельніцтва
Паводле папярэдніх даных, у студзені-лістападзе 2012 года ўпершыню з 1993 года ўзровень нараджальнасці ў Віцебску перавысіць смяротнасць, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў.
І калі у абласным цэнтры натуральны прырост толькі намеціўся, то ў Наваполацку ён мае тэндэнцыю да замацавання: упершыню з 1996 года, паводле даных студзеня-кастрычніка 2012 года, у нафтаградзе зафіксавана большая колькасць нараджэнняў, чым смерцяў. У лістападзе станоўчая дынаміка захоўваецца.
У цэлым па вобласці тэмп ростунараджальнасці ў студзені-кастрычніку бягучага года склаў 106,7% да аналагічнага перыяду мінулага года, смяротнасці - 93% да гэтага ж перыяду. З 21 раёна вобласці ў 18 адзначаюцца станоўчыя паказчыкі нараджальнасці.
Як лічыць Уладзімір Церанцьеў, пазітыўныя зрухі дасягнуты дзякуючы рэалізацыі комплексу мер, прадугледжаных рэспубліканскімі і рэгіянальнымі праграмамі дэмаграфічнай бяспекі. У Віцебскай вобласці нароўні з выканкамамі і медыцынскімі ўстановамі да выканання праграмы падключаюцца вытворчыя прадпрыемствы і арганізацыі. У многіх з іх у калектыўных дагаворах прадугледжваюцца меры падтрымкі маладых сем'яў, стымулюючыя выплаты работнікам за адказнае стаўленне да свайго здароўя. Станоўчыя вынікі дае дыспансерызацыя эканамічна актыўнага насельніцтва, якая дазваляе выявіць захворванні на ранніх стадыях, своечасова аказаць медыцынскую дапамогу.
У вобласці працягваецца рэалізацыя праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У бюджэце наступнага года, які зараз фарміруецца, значныя сродкі прадугледжваюцца на развіццё медыцыны. "Медыцына застанецца прыярытэтнай галіной і ў 2013 годзе, аднак для вырашэння дэмаграфічнай праблемы неабходныя агульныя намаганні не толькі ўрачоў і дзяржорганаў, але і наймальнікаў, прафсаюзаў, моладзевых арганізацый", - падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.