Упершыню спецыялізаваная выстава-кірмаш «Віцебшчына – за здаровы лад жыцця» праводзіцца гэтак маштабна
Больш за 20 прадпрыемстваў паўночнага рэгіёну і іншых абласцей, каля 30 устаноў і арганізацый сацыяльнай сферы прапанавалі свае рэцэпты здароўя і даўгалецця. Выставачныя рады занялі тры паверхі КЗ «Віцебск», і кожнаму ўдзельніку ёсць што прапанаваць, падзяліцца апошнімі напрацоўкамі.
На ўрачыстым адкрыцці форуму, якое адбылося 9 верасня, прысутнічаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Прывітаушы ўдзельнікаў, кіраўнік рэгіёну прайшоў па выставочных радах прыдзвінскіх і іншых беларускіх вытворцаў, азнаёміўся з прадукцыяй і навінкамі вытворчасці, якія распрацаваны менавіта для здаровага харчавання і з натуральнай сыравіны. Напрыклад, ацаніў напой на аснове сыроваткі і соку ААТ «Малако», г. Віцебск, выпуск якога прадпрыемства асвоіла сёлета ўлетку.
Акрамя стэндаў з прадукцыяй, цікавасць у наведвальнікаў выставы выклікалі і пункты ўстаноў аховы здароўя: людзі не ўпусцілі магчымасці праверыць стан свайго здароўя і атрымаць каштоўную параду вузкіх спецыялістаў.
На важнасці захавання здароўя, прычым як сіламі дзяржавы, сфер аховы здароўя, адукацыі, айчынных вытворцаў тавараў і паслуг, грамадскіх арганізацый, так і самім насельніцтвам, акцэнтаваў увагу і кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў.
– Рэгулярнае заняцце фізкультурай і спортам, адмова ад шкодных звычак, правільнае харчаванне фарміруюць тое, што мы называем здаровым ладам жыцця, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. – У нашай краіне пытанні развіцця аховы здароўя, арганізацыі паўнавартаснага адпачынку для людзей знаходзяцца ў прыярытэце і вырашаюцца ў комплексе.
У Віцебскай вобласці рэалізуюцца мерапрыемствы па стварэнні ўмоў для захавання і ўмацавання здароўя насельніцтва, праводзіцца планамерная і мэтанакіраваная праца па ўдасканаленні аказваемай медыцынскай дапамогі, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і забеспячэнні кадравым патэнцыялам устаноў аховы здароўя. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 43 аб'екты аховы здароўя, 21 з іх у сельскай мясцовасці. У 2015-м плануецца завяршыць работы па лячэбным корпусе №1 абласной інфекцыйнай бальніцы і тэрапеўтычным дзіцячай абласной бальніцы. Асаблівая ўвага надаецца аздараўленчым і рэабілітацыйным паслугам спартыўных клубаў, турыстычных, санаторна-аздараўленчых арганізацый. Для заняткаў фізкультурай і спортам у рэгіёне маецца 4 178 стадыёнаў, спартзалы, басейны, лыжныя базы і іншыя спецыяльныя збудаванні. Прыкладам сацыяльнага партнёрства з'яўляюцца прадпрыемствы, кіраўнікі якіх мэтанакіравана ствараюць неабходныя ўмовы для падтрымання здаровага ладу жыцця сваіх работнікаў і іх сем'яў. Такія ініцыятывы павінны стаць нормай нашага жыцця.
Мікалай Шарснёў адзначыў, што як раз цяперашняя выстава-кірмаш «Віцебшчына – за здаровы лад жыцця» дэманструе комплексны падыход да ўмацавання здароўя насельніцтва. Прычым шэраг прадстаўленых праектаў арыентаваны на навучэнскую моладзь, нацэлены на фарміраванне каштоўнасцей актыўнага ладу жыцця і адказнага стаўлення да свайго фізічнага стану. З юных гадоў кожны малады чалавек павінен разумець: здароўе – у яго ўласных руках, упэўнены губернатар.
Тыя, хто яшчэ не паспеў асабіста пераканацца ў шырокім асартыменце «здаровых» тавараў і паслуг, прапанаваных прадпрыемствамі і арганізацыямі Віцебшчыны, могуць гэта зрабіць да 11 верасня – апошняга дня працы выставы.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».