Упершыню ў Беларусі будуць названыя найлепшыя міліцэйскія сем’і
12 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Лепшыя міліцэйскія сем'і Беларусі будуць ушаноўваць у Полацку ў Дзень маці 14 кастрычніка. МУС упершыню праводзіць рэспубліканскую акцыю "Сям'я! Служым разам!". Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама.
Здаровы маральна-псіхалагічны клімат у органах унутраных спраў шмат у чым залежыць ад сям'і, упэўнены ў МУС. На працягу жніўня-кастрычніка беларускія міліцыянеры разам са сваімі жонкамі і дзецьмі прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі, тым самым агітуючы за здаровы лад жыцця і за сямейныя каштоўнасці. У выніку былі названы лепшыя міліцэйскія сем'і краіны. Адны з іх, такія як Дзмітрый і Іна Міхалевіч з Мінска, Сяргей і Таццяна Кожух з Віцебскай вобласці, разам нясуць нялёгкую міліцэйскую службу. У іншых, як у сям'і Кохна, служыць кіраўнік - Сяргей, а жонка Таццяна і дзве дачкі дапамагаюць любімаму мужу і бацьку, ствараючы яму надзейны тыл.
Асаблівай пашаны заслугоўваюць шматдзетныя міліцэйскія сем'і. Аказваецца, годна выконваць свой абавязак, выхоўваць пяцёра сыноў, ды яшчэ і вырошчваць малады сад з 200 дрэў, як гэта робяць маёр міліцыі Андрэй Кумко і яго жонка капітан міліцыі Кацярына Кумко з Гродзенскай вобласці, не так ужо і цяжка, калі ў доме пануюць любоў і павага. Адзінаццаць лепшых міліцэйскіх сем'яў будуць узнагароджаны граматамі МУС. Не забыты і дзеці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сыны і дочкі прынялі ўдзел у конкурсе дзіцячага малюнка, тэмай якога стала служба іх бацькоў. Пераможцаў конкурсу таксама будуць ушаноўваць у Полацку.
Як чакаецца, каля 700 супрацоўнікаў міліцыі разам са сваімі сем'ямі з розных куткоў Беларусі прыедуць у Полацк, каб прыняць удзел у фінале акцыі "Сям'я! Служым разам!". Акрамя цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і святочнага канцэрта, удзельнікаў чакае экскурсія па старажытным горадзе.-0-