Упершыню ў Беларусі адначасова праходзяць адразу тры аперацыі на адкрытым сэрцы
17 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Упершыню ў Беларусі ў Віцебску адначасова праходзяць адразу тры найскладанейшыя аперацыі на адкрытым сэрцы, паведаміў сёння журналістам перад пачаткам аперацый загадчык лабараторыі хірургіі сэрца РНПЦ "Кардыялогія", галоўны пазаштатны кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі, доктар медыцынскіх навук прафесар Юрый Астроўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Правядзенне аперацый арганізавана падчас першай рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю айчыннай кардыяхірургіі. Першымі хірургамі за аперацыйнымі сталамі стаяць загадчык кафедры кардыяхірургіі Ленінградскай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук прафесар Юрый Шнейдэр, намеснік дырэктара Новасібірскага цэнтра паталогіі кровазвароту, доктар медыцынскіх навук прафесар Аляксандр Чарняўскі і Юрый Астроўскі. Асістэнтамі выступаюць урачы Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, на базе якой і праходзяць аперацыі. У клініцы арганізавана відэатрансляцыя аперацый. За іх правядзеннем назіраюць вядучыя спецыялісты па кардыяхірургіі з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Па словах Юрыя Астроўскага, Віцебск выбраны месцам правядзення аперацый таму, што вобласць займае лідзіруючае становішча сярод кардыяхірургічных аддзяленняў рэгіёнаў Беларусі. "Тут выканана найбольшая колькасць аперацый на сэрцы і найбольш шырокага спектру сярод абласных аддзяленняў", - падкрэсліў ён.
Як паведаміў загадчык кардыяхірургічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, кандыдат медыцынскіх навук дацэнт Аляксандр Зянькоў, самаму маладому пацыенту крыху больш за 40 гадоў. Яму плануецца выканаць пратэзаванне узыходзячай аорты з імплантацыяй свайго ж клапана ў пратэз, а таксама каранарнае шунтаванне. Другому хвораму будзе праапераваны на прадмет пратэзавання мітральнага клапана. Яшчэ аднаму пацыенту з ішэмічнай хваробай сэрца, які перанёс інфаркт міякарда, плануецца выканаць аортакаранарнае шунтаванне (тры шунты на працуючым сэрцы). "Гэтая методыка больш цяжкая для хірурга, але пацыент лепш пераносіць такую аперацыю", - адзначыў Аляксандр Зянькоў. Працягласць аперацый складае каля 4-5 гадзін.
Навукова-практычны форум сабраў у Віцебску вядучых спецыялістаў па кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі з усіх рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікоў спецыялізаваных лячэбных і навуковых устаноў Расіі, Германіі і Літвы. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць найважнейшыя праблемы ў галіне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, пазнаёмяцца і абмяняюцца вопытам укаранення найноўшых распрацовак у галіне кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі. Спецыялісты правядуць аналіз сучасных аспектаў хірургічнага лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, анеўрызмаў грудной аорты, тахіарытмій, прадставяць вынікі даследаванняў у галіне кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі, транспланталогіі і біяпратэзавання.
Падчас працы форуму будзе праведзена ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай асацыяцыі кардыётаракальных хірургаў.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць Віцебская абласная клінічная бальніца, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт пры падтрымцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія". -0-