Упершыню ў злёце гаспадароў сельскіх сядзіб Віцебшчыны возьмуць удзел смаляне

Штогадовы форум пройдзе 24-25 мая. Прадстаўнікі сельскага турызму абмяркуюць перспектывы, напрамкі развіцця дадзенага віду паслуг у рэгіёне, а таксама падзеляцца вопытам, як зрабіць адпачынак на вёсцы займальным і незабыўным. На гэты раз месцам сустрэчы выбрана сядзіба «У Нінель» у Лёзненскім раёне, уладальнікі якой таксама падзеляцца сваімі напрацоўкамі ў арганізацыі вольнага часу, у тым ліку правядуць «зялёнай сцежкай» па тутэйшых маляўнічых мясцінах.
Традыцыйна будзе арганізаваны «круглы стол» па надзённых тэмах і пытаннях аграэкатурызму. Таксама пройдзе конкурс «Беларускія прысмакі», дзе ўдзельнікі злёту прадэманструюць свае кулінарныя здольнасці. Акрамя прысмакаў уласнага прыгатавання гаспадары сядзіб будуць «частаваць» і творчасцю – пакажуць майстар-клас па забаўленні турыстаў, а гэта і гульня на дудцы, праца на ганчарным крузе, выраб розных вырабаў і многае  іншае.    


Наталля РЫЖКОВА.
«Віцебскі рабочы»