Упершыню ў складзе віцебскіх студэнцкіх будатрадаў з'явіліся амаль прафесійныя будаўнікі

3 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Упершыню сёлета ў складзе віцебскіх студэнцкіх будатрадаў з'явіліся амаль прафесійныя будаўнікі - бетоншчыкі 3 разраду, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". За месяц да пачатку работ студэнты прайшлі падрыхтоўку ў свайго наймальніка - віцебскага будтрэста №9. Па выніках выпрабаванняў 40 юнакам быў прысвоены кваліфікацыйны разрад, дзякуючы чаму яны цяпер могуць разлічваць на зарплату ад Br800 тыс. Праўда, і пытацца з іх будуць як з сапраўдных рабочых. Сёлетнія канікулы стануць трэцім працоўным семестрам больш чым для 7 тыс. студэнтаў рэгіёна. У складзе 160 атрадаў яны будуць працаваць на аб'ектах народнагаспадарчага комплексу, займацца азеляненнем тэрыторый, дапамагаць аграрыям, арганізоўваць вольны час школьнікаў у аздараўленчых лагерах. Да працы ўжо прыступілі будатрады, усяго па вобласці іх створана 60. Будатрадаўцам трэба будзе працаваць на будаўніцтве новага цэха Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, на ўзвядзенні малочна-таварных ферм, а таксама на добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак. Не засталіся ўбаку ад арганізацыі другаснай занятасці навучэнскай моладзі падраздзяленні службы занятасці. Як паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні па занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, на гэтыя мэты прадугледжана накіраваць больш Br2,5 млрд. Як чакаецца, не менш за 4,9 тыс. школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў знойдуць карыснае прымяненне сваім сілам. Хлопцы будуць задзейнічаны на работах па навядзенні парадку на прылеглых тэрыторыях і набярэжных, рамонце школьнай мэблі і кніжнага фонду, а самым умелым давераць шыццё тэатральных касцюмаў. Вынікі працоўнага лета па традыцыі падвядуць восенню. Тады будуць названы і ўзнагароджаны лепшы будатрад вобласці, лепшы будатрадавец і нават лепшы наймальнік - арганізатар работ.-0-