Упершыню ў Віцебску прайшоў XI Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд

Впервые в Витебске прошел XI Кубок Европы по интеллектуальным играм среди студенческих команд

Як распавёў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, традыцыйна Кубак Еўропы праходзіў у Пецяргофе, аднак на гэты раз арганізатары вырашылі зрабіць турнір выязным і выбралі месцам бітвы розумаў Віцебск, бо ў горада на Дзвіне дастаткова вялікі досвед у правядзенні падобных мерапрыемстваў. пляцоўку для спаборніцтваў маладых інтэлектуалаў прадаставіў Віцебскі філіял Беларускай акадэміі сувязі, дзе на працягу трох дзён удзельнікі студэнцкага турніру ў спартыўных версіях «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг», «Эрудыт-квартэт» і «Свая гульня» даказвалі, што алімпійскі дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней!» можна аднесці не толькі да атлетаў, якія дэманструюць публіцы здольнасці свайго трэніраванага цела, але і тым, хто мераецца розумамі.

Хуткасць мыслення, неардынарны ўзровень эрудыцыі і глыбокі запас ведаў паказвалі 24 каманды. Пераможцы нацыянальных тураў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Эстоніі і Арменіі сышліся ў барацьбе за званне чэмпіёнаў у кожнай з дысцыплін. Нашу краіну прадстаўлялі шэсць складоў – з Мінска, Магілёва і Брэста. Не будзем трымаць інтрыгу і адразу паведамім, што лепшы вынік беларусаў – трэцяе месца дружыны «Доблесные Урыкхаи» у «Эрудыт-квартэце». У «Што? Дзе? Калі?» першай стала шасцёрка «Маркасу Трэцяму» з Масквы, дарэчы, у складзе гэтага секстэта ёсць удзельнікі з Беларусі, таму перамога расіян – часткова заслуга інтэлектуальнага патэнцыялу і нашых землякоў. Трыумфатарам «Брэйн-рынга» прызналі маскоўскую каманду «Пита». У індывідуальным першынстве «Свая гульня» перамог Дзяніс Галіякбераў («Пита»).

Наталля Камлёва, «Віцебскія весці».