Упершыню ў Віцебску праходзіць фестываль «Спорт не прымае межаў – Віцебшчына 2018»

Упершыню ў Віцебску праходзіць рэспубліканскі спартыўны фестываль узаемнай інтэграцыі «Спорт не прымае межаў – Віцебшчына 2018». Пляцоўкай для яго правядзення выбраны ВДМУ.


У форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі абласной улады, студэнты і выкладчыкі ВНУ, а таксама пераможцы і прызёры Паралімпіяды ў Пхенчхане. Сярод ганаровых гасцей – трохразовая паралімпійская чэмпіёнка Святлана Саханенка, прызёр Гульняў-2018 Лідзія Графеева, капітан нацыянальнай зборнай Дзмітрый Лобан і інш.

Знакамітыя спартсмены прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Паралімпійскі спорт у канцэпцыі медыка-сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі». На сустрэчы яны далі некалькі настаўленняў для будучых чэмпіёнаў.

У прыватнасці, Лідзія Графеева параіла: «Ад харчавання шмат што залежыць, ім можна як набыць шмат праблем, у прыватнасці са здароўем, так і вырашыць іх. Харчавацца правільна – дробна, часцей, больш складаных вугляводаў, бялкі пасля трэніроўкі».

Акрамя таго, паралімпійцы распавялі, як трапілі ў спорт. Не без долі гумару Дзмітрый Лобан паведаміў пра сваё сяброўства са спартыўнай вінтоўкай: «Лідзія Графеева і Яўгеній Лук'яненка Стральцы па гараскопе, ім лягчэй, а мне даводзіцца трэніравацца ў стральбе кожны дзень».

Таксама ў рамках фестывалю адбудуцца спартыўныя спаборніцтвы.

"Віцебскія весці".